Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ні на сэкунду не пераставала быць журналісткай». Як Ларыса Шчыракова за кратамі брала інтэрвію ў зьняволеных жанчын


Ларыса Шчыракова. Фота на наступны дзень па вызваленьні.
Ларыса Шчыракова. Фота на наступны дзень па вызваленьні.

Былая палітзьняволеная, журналістка і праваабаронца Ларыса Шчыракова ў размове з Свабодай згадвае найбольш трагічныя моманты трохгадовага зьняволеньня, а таксама тое, што ёй дапамагло выжыць і захаваць сябе за кратамі.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнт гутаркі


— Якія спосабы выжываньня ад Ларысы Шчыраковай, як не згубіць сябе за кратамі, як захаваць фізычнае і псыхічнае здароўе?

— Гэта была мая мэта, і думаю, што я была пасьпяховай у яе рэалізацыі. Для мяне было важна не адчуваць гэтага экзыстэнцыйнага крызісу. Мне вельмі лёгка казаць, бо да палітзьняволеных жанчын стаўленьне больш гуманнае, чым да палітзьняволеных мужчын. У мяне быў вольны час, і я яго прысьвячала самаразьвіцьцю. Я не пераставала ні на сэкунду быць журналісткай. Я назірала за людзьмі, увесь час рабіла з імі інтэрвію, увесь час распытвала жанчын.

Мне была цікавая сытуацыя жанчын, зьняволеных паводле 174 артыкулу (Артыкул 174 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае адказнасьць за ўхіленьне ад утрыманьня дзяцей або кампэнсацыі расходаў, затрачаных дзяржавай на іх утрыманьне. Пакараньне — грамадзкія ці папраўчыя работы да 2 гадоў, арышт, абмежаваньне волі да 3 гадоў або пазбаўленьне волі да 1 году. — РС). Гэта маці, у якіх паадбіралі дзяцей і зрабілі іх абавязанымі працаваць і плаціць. Цяпер 30% зьняволеных на зонах — гэтыя абавязаныя. Тое, чаго няма ні ў якой іншай краіне. Я вельмі шмат пра гэта ведаю цяпер. Шмат даведалася пра асуджаных паводле 328 «наркатычнага» артыкулу, аб практыках, як затрымліваюць, як судзяць. А таксама пра забойцаў: у нас там забойцаў было 30%. Што гэта за забойцы? Гэта ж ня тое, што напісана ў іхным прысудзе, што яны ўчынілі так званае наўмыснае забойства. Яны забівалі мужа ці сужыцеля. І гэта было вынікам доўгай сытуацыі псыхатраўмы ці канфліктных адносінаў у сям’і. Вось такіх забойцаў у нас было 99,9%. Я хачу напісаць успаміны пра ўсё гэта.

Хачу ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў адправіць скаргу і прапановы, як можна рэфармаваць калёнію. Асабліва мяне цікавіць, як зрабіць больш эфэктыўным папраўчы працэс, каб зьніжалася рэцыдыўнасьць сярод былых зьняволеных у Беларусі. Таксама хочацца напісаць навуковую, аналітычную працу, сабраць найлепшыя практыкі эўрапейскіх краінаў (напрыклад Даніі, дзе толькі 9% рэцыдыўнасьці), як перавыхоўваюць злачынцаў, асабліва жанчын-злачынцаў, у іншых краінах, і гэта прапанаваць Дэпартамэнту.

Мне ўжо ня хочацца займацца палявой журналістыкай, бо поле маё засталося ў Беларусі. Мяне вельмі цікавіць дакумэнталістыка, я ўвесь час думаю над тэмай, наколькі людзям, гвалтам адарваным ад свайго дому, радзімы, цяжка быць змушанымі эмігрантамі. Гэта вялікі кавалак працы. Адчынена шмат дзьвярэй, ёсьць падтрымка, я маю шмат магчымасьцяў. Дзякую ўсім, хто спрычыніўся да гэтага, хто дапамагае мне, хто падтрымлівае мяне. Я вельмі аптымістычна гляджу ў будучыню.

  • Ларыса Шчыракова атрымала ў Гамбургу прэмію для журналістаў Free Media Award за 2024 год. На сайце прэміі падкрэсьліваецца, што Ларыса стала апорай для незалежных журналістаў Гомельскага рэгіёну і настойліва дамагалася легалізацыі фрыланс-журналістыкі ў Беларусі на міжнародным узроўні. Яна сама стала першай журналісткай-фрылансэрам, якую ў Беларусі аштрафавалі за нібыта «працу на замежныя мэдыя». Таксама адзначаецца, што Шчыракова сьмела асьвятляла, як Беларусь спраўлялася з пандэміяй, а таксама пратэсты ў Беларусі. Асудзілі яе на 3,5 году калёніі за тое, што нібыта перадавала інфармацыю «Белсату», а таксама за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». Ларысу накіравалі ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі. Пасьля яе затрыманьня сына-падлетка на некалькі тыдняў забралі ў прытулак. Гэтымі днямі Ларыса Шчыракова знаходзіцца ў Празе на запрашэньне чэскай арганізацыі Post Bellum — Paměť národa.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG