Раніцай 16 кастрычніка чальцы камітэтаў замежных справаў і разьвіцьця Эўрапейскага Парлямэнту прагаласавалі за фіналістаў прэміі імя Сахарава «За свабоду думкі» 2025 году. Трыма фіналістамі прэміі сталі:
- Зьняволеныя журналісты, «якія змагаюцца за вашу і нашу свабоду», — Анджэй Пачобут зь Беларусі і Мзія Амаглабэлі з Грузіі;
- Журналісты і гуманітарныя работнікі ў Палестыне і ўва ўсіх зонах канфліктаў, якіх рэпрэзэнтуюць Палестынскі сындыкат журналістаў, Чырвоны Паўмесяц і Блізкаўсходняе агенцтва дапамогі палестынскім уцекачам ААН;
- Сэрбскія студэнты.
Раней, 9 верасьня, група эўрапейскіх кансэрватараў і рэфарматараў, да якой належыць польская партыя «Права і справядлівасьць» у Эўрапейскім Парлямэнце ў Страсбургу, рэкамэндавала ўзнагародзіць прэміяй Андрэя Сахарава беларускага палітычнага вязьня Анджэя Пачобута.
Журналіст і актывіст польскай меншасьці з Горадні Анджэй Пачобут быў арыштаваны вясной 2021 году, а ў лютым 2023 году асуджаны на восем гадоў калёніі строгага рэжыму.
Польскія ўлады патрабуюць вызваленьня актывіста. У ліпені дэлегацыя польскага Сейму, якая знаходзілася зь візытам у ЗША, узьняла гэтую тэму на перамовах з амэрыканскім бокам.
16 студзеня 2025 году, наведваючы Менскі гарадзкі тэхнапарк, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Варшава нібыта «адмовілася ад Пачобута», «адмовіліся весьці нават размовы пра Пачобута». Ён сьцьвярджаў, што журналіст «ня хоча туды ехаць — вось і ўсё пытаньне».
Пасьля вынясеньня палітычна матываванага прысуду Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных падарожнікам пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца). Паводле неафіцыйнай інфармацыі, журналіст адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.
30 кастрычніка 2024 году міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі, выступаючы ў Сэнаце, заявіў, што Варшава «праз розныя каналы» дамагаецца вызваленьня суайчыньнікаў, якія сядзяць у беларускіх турмах, асаблівая ўвага надаецца журналісту і сябру зьліквідаванага ўладамі Зьвязу палякаў Анджэю Пачобуту.
Што такое Прэмія імя Сахарава
- Прэмія імя Сахарава «За свабоду думкі», заснаваная Эўрапейскім Парлямэнтам у 1988 годзе, — найвышэйшая ўзнагародай Эўрапейскага Зьвязу за праваабарончую дзейнасьць.
- Прэмію прысуджаюць асобам, групам і арганізацыям, якія ўнесьлі выдатны ўклад у абарону свабоды думкі.
- Сярод ранейшых пераможцаў былі дысыдэнты, палітыкі, журналісты, юрысты, актывісты грамадзянскай супольнасьці, пісьменьнікі, лідэры меншасьцяў, праваабаронцы, карыкатурысты, дырэктары арганізацыяў, а таксама міжнародныя арганізацыі і маладыя актывісты.
- Раней прэмію Сахарава атрымалі Беларуская асацыяцыя журналістаў, палітык Аляксандар Мілінкевіч, дэмакратычная апазыцыя Беларусі, прадстаўленая Сьвятланай Ціханоўскай і яшчэ 9 асобамі.
- Штогод у верасьні дэпутаты Эўрапарлямэнту называюць кандыдатаў на прэмію. Кандыдат павінен мець падтрымку не менш як 40 дэпутатаў Эўрапарлямэнту.
- Аб’яўляюць пераможцу звычайна ў кастрычніку, а цырымонія ўзнагароджаньня праводзяць у сьнежні.