Яшчэ ў сьнежні 2023 году, паводле зьвестак «Вясны», была затрыманая дырэктарка і сузаснавальніца дасьледчай кампаніі Mia Research сацыёляг Ірына Буйневіч.
Праваабаронцам стала вядома, што жанчыну, імаверна, вінавацяць у «здрадзе дзяржаве» і «ўхіленьні ад выплаты страхавых складак з нанясеньнем асабліва буйной шкоды». Паводле крыніц «Вясны», сёлета ў жніўні праходзіў суд над Ірынай Буйневіч, але вынік невядомы.
У верасьні Ірыне Буйневіч споўнілася 44 гады, мае прафэсіі сацыёляга і бухгальтара. Ірына была дырэктаркай дасьледчай кампаніі Mia Research, якая займаецца маркетынгавымі дасьледаваньнямі ў Беларусі прынамсі 6 гадоў.
«Вясна» паведамляе, што Ірына Буйневіч рабіла дасьледаваньні ў розных сфэрах: мэдыцына, прадукты харчаваньня, гульнёвая індустрыя, укладаньне кампутарных гульняў, фінансавы рынак ды іншыя. Сярод замоўцаў дасьледаваньняў былі Ўсясьветны банк, Усясьветная арганізацыя здароўя, Нацыянальны банк Беларусі.
Паводле зьвестак Сьледчага камітэту, на якія спасылаецца «Вясна», прыкладна ў адзін час з арыштам Ірыны Буйневіч быў затрыманы Яўген Красьнянскі, якога нядаўна асудзілі на сем з паловай гадоў зьняволеньня за сацыялягічнае дасьледаваньне пра каранавірус у Беларусі.
Яго асудзілі менавіта за «здраду дзяржаве» і «ўхіленьне ад выплаты страхавых складак» у закрытым судовым пасяджэньні. Адным з эпізодаў, за якія яго судзілі, было сацыялягічнае дасьледаваньне аб эпідэміі COVID у Беларусі без адпаведнай акрэдытацыі.
Таксама СК паведамляў пра затрыманьне разам з Красьнянскім дзьвюх жыхарак Менску 37 і 43 гадоў. На падставе гэтай інфармацыі (на той момант Ірыне Буйневіч было акурат 43 гады. — РС) праваабаронцы мяркуюць, што ішлося ў тым ліку пра яе.
Паводле СК, жанчыны праводзілі сацыялягічнае дасьледаваньне і, каб прыйсьці да пажаданага выніку, нібыта апытвалі прадстаўнікоў фокус-групы зь перадвызначаным «нэгатыўным стаўленьнем да наяўнай у дзяржаве палітычнай сыстэмы і канстытуцыйнага ладу».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у жніўні сёлета Ірына Буйневіч яшчэ была ў менскім СІЗА, у яе справе прайшло некалькі судовых паседжаньняў. Праваабаронцы не выключаюць, што прысуд Ірыне Буйневіч ужо вынесены, але ён невядомы.
Інкрымінаваны Ірыне Буйневіч артыкул 356, частка 1 Крымінальнага кодэксу («здрада дзяржаве») прадугледжвае 15 гадоў зьняволеньня, 2 частка артыкулу 243-3 («ухіленьне ад выплаты страхавых складак з нанясеньнем асабліва буйной шкоды») — яшчэ 7 гадоў няволі.
На сайце кампаніі Mia Research паведамляецца, што кампанія працуе як у Беларусі, гэтак і ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе. У разьдзеле «Пра нас» Ірына Буйневіч пазначаная як «дырэктар, сузаснавальнік», але тэлефон, указаны на сайце, не адказвае.
Форум