Палітзьняволеная Алена Лазарчык, якая адбывае пакараньне ў жаночай калёніі № 24 у Зарэччы, патрапіла ў ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу, куды на працяглы тэрмін зьмяшчаюць асуджаных, якія нібыта парушаюць парадак і не выпраўляюцца пасьля пакараньня ў штрафным ізалятары (ШЫЗА), куды фармальна могуць накіроўваць да 15 сутак.
Перад гэтым Алена Лазарчык знаходзілася ў ШЫЗА, але колькі і за якую «правіннасьць», невядома.
Апошнімі зьвесткамі пра былую актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Алену Лазарчык са Свабодай падзяліся крыніца, дасьведчаная ў яе справах.
«Яна цяпер у ПКТ і колькі гэта працягнецца, невядома. Схуднела, складана са здароўем. Сустрэч з адвакатам не прадбачыцца», — паведаміла крыніца пра Алену Лазарчык.
Алене Лазарчык 51 год, яна ўдава вядомага актывіста дэмакратычнага руху, абаронцы Курапат Сержука Мацкойця, які памёр у 2023 годзе.
У 2022 годзе Алена Лазарчык была асуджаная на 8 гадоў зьняволеньня па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу ўключна з 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Лазарчык адбывала пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі, дзе паводле зьвестак «Вясны» правяла больш за 90 дзён у ШЫЗА. Увесну 2025 году Алене Лазарчык дадалі да ранейшага тэрміну яшчэ 1,5 года па 411 артыкуле КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»), агулам яна асуджаная на 9,5 года зьняволеньня.
На волі ў жанчыны застаецца непаўналетні сын Арцём, якім апякуюцца сваякі.
Праваабаронцы прызналі Алену Лазарчык палітзьняволенай.
Форум