Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонія часова зачыніла памежную дарогу пасьля расейскай правакацыі з жаўнерамі


Эстонскі паліцыянт глядзіць на расейскага на памежнай дарозе, што праходзіць праз Саацкі бот
Эстонскі паліцыянт глядзіць на расейскага на памежнай дарозе, што праходзіць праз Саацкі бот

На мінулым тыдні на аўтадарозе, якая праходзіць праз расейскую тэрыторыю, зафіксавалі незвычайную колькасьць расейскіх вайскоўцаў.

Аўтадарога 178 месьціцца ў павеце Сэтамаа на паўднёвым усходзе Эстоніі і зьвязвае паміж сабою дзьве вёскі. Каля кілямэтру гэтай аўтадарогі праходзіць па тэрыторыі Расеі — выступе, вядомым як Саацкі бот. Сюды можна заяжджаць бязь візы, але на гэтым участку нельга спыняцца.

10 кастрычніка эстонскія памежнікі зафіксавалі на гэтай дарозе вялікую групу расейскіх жаўнераў у камуфляжы і масках. Міністар унутраных спраў Эстоніі Ігар Таро паведаміў газэце Postimees пра тое, што расейскія вайскоўцы пакінулі Саацкі бот на наступны дзень, 11 кастрычніка. Пры гэтым міністар адзначыў, што эстонскія ўлады зачыняць дарогу на некалькі дзён.

Выказаўся наконт здарэньня і міністар замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна. Ён адзначыў, што становішча застаецца пад кантролем, але эстлнскі ўрад ідзе на пэўныя зьмены.

«У доўгатэрміновай пэрспэктыве мы плянуем цалкам адмовіцца ад выкарыстаньня гэтай дарогі. Альтэрнатыўны маршрут у абыход расейскай тэрыторыі ўжо існуе, а новы будуецца. Цяперашняя схема — гэта гістарычная анамалія».

Пасьля зьяўленьня расейскіх вайскоўцаў на дарозе ў Эстоніі ўзмацніліся размовы пра расейскія правакацыі і падрыхтоўку Масквы да новай вайны. Апошнім часам Расея займаецца актыўнай дзейнасьцю на эстонскай мяжы.

У 2024 годзе расейскія чыноўнікі прыбралі два дзясяткі буёў, якія пазначалі мяжу краін уздоўж ракі Нарва. У верасьні 2025 году тры расейскія зьнішчальнікі правялі 12 хвілін у паветранай прасторы Эстоніі над Фінскай затокай, што падштурхнула Эстонію да кансультацый наконт чацьвертага артыкулу з хаўрусьнікамі па NATO.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG