Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Reuters: Як балтыйскія дзяржавы плянуюць масавую эвакуацыю ў выпадку нападу Расеі. ФОТА


На вучэньнях у эвакуацыі. Літва, Коўна, 7 кастрычніка 2025 году
На вучэньнях у эвакуацыі. Літва, Коўна, 7 кастрычніка 2025 году

Літва, Латвія і Эстонія дамовіліся супрацоўнічаць у галіне цывільнай абароны ў траўні сёлета.

Пляны ўрадаў трох дзяржаваў на выпадак надзвычайных сытуацыяў прадугледжваюць масавае перамяшчэньне насельніцтва, вызначаныя маршруты і разьмяшчэньне людзей. Пры гэтым Расея адмаўляе, што мае пляны нападу на NATO, піша Reuters.

Тры балтыйскія дзяржавы занепакоеныя велізарнымі вайсковымі выдаткамі Расеі пасьля ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Яны распрацоўваюць пляны на выпадак надзвычайных сытуацыяў, зьвязаных з магчымым уварваньнем Расеі.

Эстонія, Латвія і Літва даўно выказваюць асьцярогі іншым дзяржавам NATO з прычыны магчымай расейскай агрэсіі, спасылаючыся на расейскія кібэратакі, дэзынфармацыйныя кампаніі, уварваньні расейскіх зьнішчальнікаў і дронаў за апошнія некалькі месяцаў.

Расея заяўляе, што ня мае плянаў нападу на NATO, але тры краіны, анэксаваныя Масквой у пачатку Другой усясьветнай вайны, падвоілі выдаткі на абарону пасьля поўнамаштабнага нападу Расеі на Ўкраіну.

«Пагрозы могуць быць рознымі», — сказаў Рэнатас Пожэла, кіраўнік пажарнай службы Літвы, які ўдзельнічае ў плянаваньні на выпадак надзвычайных сытуацыяў. Гэтую працу актывізавалі, калі тры краіны дамовіліся аб супрацы ў галіне цывільнай абароны. Дэталі аб колькасьці патэнцыйных эвакуаваных, да якой рыхтуюцца службоўцы, публікуюцца ўпершыню.

«Магчыма, мы ўбачым магутную армію ўздоўж межаў Балтыі з відавочнай мэтай захапіць усе тры краіны за тры дні – тыдзень», — сказаў Пожэла.

Вучэбная эвакуацыя. Літва, Коўна, 7 кастрычніка 2025 году
Вучэбная эвакуацыя. Літва, Коўна, 7 кастрычніка 2025 году

Дывэрсіі на камунікацыйных ці транспартных злучэньнях, масавы прыток мігрантаў, хваляваньні сярод расейскамоўных меншасьцяў, фэйкавыя навіны, якія правакуюць масавыя ўцёкі, — гэта іншыя сцэнары, якія абмяркоўваюцца ў мясцовых мэдыя і ня толькі.

«Мы гаворым пра гэта кожны месяц, кожны тыдзень — на працы, усюды», — сказаў 31-гадовы Армінас Раўдзіс, валянтэр, які выконваў ролю эвакуаванага падчас вучэньняў у Літве на гэтым тыдні.

У Літве рыхтуюцца да эвакуацыі на выпадак нападу Расеі
У Літве рыхтуюцца да эвакуацыі на выпадак нападу Расеі

Тады ў межах ролевай гульні зь Вільні былі эвакуаваныя ўсяго сто чалавек, але службоўцы, апытаныя Reuters, заявілі, што плян на выпадак надзвычайных сытуацыяў, усё яшчэ ў значнай ступені таемны, распрацоўваўся для значна большай колькасьці людзей.

Сярод іх палова тых, хто жыве ў межах 40 км ад межаў Расеі і Беларусі — каля 400 000 чалавек, — сказаў Пожэла. Горад Коўна ў цэнтры краіны плянуе разьмясьціць 300 000 чалавек у школах, унівэрсытэтах, каталіцкіх цэрквах і на арэне, дзе нядаўна выступалі Робі Ўільямс і Роджэр Уотэрс.

Падобныя захады робяць і ў іншых гарадах. Былі выбраныя пункты збору, у тым ліку ў Вільні, вызначаныя цягнікі і аўтобусы, а такія рэчы, як туалетная папера і паходныя ложкі, знаходзяцца на складах, паведаміў кіраўнік пажарна-ратавальнай службы Літвы.

Тых, хто будзе ўцякаць на машынах, накіруюць на другарадныя дарогі, каб расчысьціць іншыя трасы для арміі, прычым ужо ёсьць мапа з указаньнем гарадоў, дзе яны могуць знайсьці прытулак.

«Гэта вельмі абнадзейлівы сыгнал нашаму грамадзтву — што мы гатовыя і што мы плянуем, — сказаў агенцтву Reuters міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс.— Мы зрабілі сваё хатняе заданьне».

Ніводная з трох балтыйскіх дзяржаваў ня мае падрабязных плянаў перасяленьня людзей за іх межы.

Дзьве асфальтаваныя дарогі і некалькі лясных дарог злучаюць іх з Польшчай праз Сувальскі калідор — вузкую лясістую частку Польшчы паміж Расеяй і Беларусьсю. І вайсковай тэхніцы, якая можа ўваходзіць з Польшчы ў Літву, будзе аддавацца прыярытэт перад тымі, хто спрабавацьме ўцячы ў Польшчу.

«Мы павінны ўлічваць рызыку (Сувальскага калідору)», — сказаў Івар Май, дарадца ў пытаньнях масавай эвакуацыі Агенцтва ратавальных службаў Эстоніі, маючы на ўвазе магчымасьць спробы расейскіх войскаў адрэзаць Балтыю ад адзінай сухаземнай мяжы зь дзяржавай — хаўрусьніцай па NATO.

Вучэбная эвакуацыя. Літва, Вільня, 7 кастрычніка 2025 году
Вучэбная эвакуацыя. Літва, Вільня, 7 кастрычніка 2025 году

Эстонія рыхтуе пляны перасяленьня ў часовыя прытулкі дзясятай часткі з 1,4 мільёна сваіх жыхароў, а многія іншыя, хутчэй за ўсё, пераедуць да сваякоў, сказаў Май. Дзьве траціны гораду Нарва з насельніцтвам 50000 чалавек — сярод тых, хто, як чакаецца, пераедзе, прычым урад дапаможа прынамсі палове зь іх.

«Гэта толькі для тых, каму больш няма куды ехаць», — сказаў ён.

Латвія ацэньвае, што траціна з 1,9 мільёна яе жыхароў можа пакінуць свае дамы, сказаў Іварс Накуртс, намесьнік начальніка Дзяржаўнай пажарна-выратавальнай службы Латвіі. «Трэба ўсё плянаваць», — сказаў ён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG