Паводле праваабарончага цэнтра «Вясна» на 2 кастрычніка ў Беларусі 1197 палітвязьняў.
Праваабаронцы dissidentby.com прызналі палітвязьнямі 1340 затрыманых і асуджаных грамадзян.
Гомельская вобласьць
Гэты рэгіён, паводле праваабаронцаў, «лідзіруе» па колькасьці затрыманых у справе «Беларускага Гаюна». Большасьць затрыманых — мужчыны. «Вясна» змагла спраўдзіць інфармацыю аб 78 зьмешчаных пад варту за перадачу інфармацыі «Беларускаму Гаюну».
Цягам месяца праваабаронцы паведамлялі аб новых рэпрэсаваных з Гомля і Гомельскай вобласьці. Цяпер стала вядома, што яшчэ палітвязьню з Чачэрска Сяргею Рудзянкову ўзмацнілі пакараньне і перавялі ў крытую турму № 4 у Магілёве. Сяргея Рудзянкова ў 2023 годзе асудзілі паводле чатырох «палітычных» артыкулаў, уключна з артыкулам 368 КК (абраза Лукашэнкі). Тэрмін пакараньня Сяргея Рудзянкова дагэтуль невядомы. Мужчына адбываў пакараньне ў шклоўскай папраўчай калёніі № 17, у чэрвені 2024 над ім адбыўся новы суд, цяпер ён у магілёўскай турме.
Горадзенская вобласьць
4 верасьня ў Гарадзенскім абласным судзе прайшоў разгляд апэляцыйнай скаргі па крымінальнай справе палітвязьня, горадзенца Мікіты Самарына. Ранейшы прысуд пакінулі ў сіле — шэсьць гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Мікіту Самарына прызналі вінаватым паводле арт. 364 КК (гвалт у дачыненьні да міліцыянтаў). Яго прызналі палітвязьнем. Аб ягоным затрыманьні стала вядома 27 сакавіка. Паводле суду, падчас праверкі дакумэнтаў Самарын спрабаваў уцячы і зламаў руку аднаму з міліцыянтаў. Да гэтага інцыдэнту Мікіта Самарын больш за чатыры гады хаваўся ад арышту за ўдзел у жнівеньскіх пратэстах.
З публікацыі ў раённай газэце «Астравецкая праўда» стала вядома аб двух новых фактах перасьледу за «распаўсюд экстрэмізму». Праваабаронцы адзначылі, што мясцовая газэта часам паведамляе аб самых распаўсюджаных парушэньнях у раёне за тыдзень, і часта «распаўсюд экстрэмізму» — сярод лідараў гэтага антырэйтынгу. У 2024 годзе годзе ў Астравецкім райвыканкаме нават праводзілі спэцыяльную нараду, на якой абмяркоўвалі вялікую колькасьць «распаўсюду экстрэмізму» ў раёне.
Праваабаронцы падлічылі, што за мінулы год у Астравецкім раёне па артыкуле аб «распаўсюдзе экстрэмізму» асудзілі 51 чалавека.
Віцебская воласьць
Пракуроры Віцебскай вобласьці сёлета накіравалі ў суд 95 заяў аб прызнаньні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Сярод іх пяць старонак у Facebook, пяць каналаў і ролікаў на YouTube, тры старонкі ў Instagram, па тры Telegram-каналы і чаты, дзьве старонкі ва «Укантакце», адна старонка ў «Аднакласьніках» і адзін канал у TikTok.
У Віцебскім абласным судзе вынесьлі прысуд 43‑гадоваму хірургу з Оршы Максіму Куксу, лекару віцебскай гарадзкой лякарні № 1 імя Сямашкі. Паводле праваабаронцаў, мужчына атрымаў «хатнюю хімію».
Паводле 361-4 артыкулу КК (экстрэмісцкая дзейнасьць) асудзілі на пазбаўленьне волі Вячаслава Сямёнава. Хлопцу 20 гадоў, ён зь Лепеля. Прозьвішча Сямёнава таксама зьявілася ў чарговым абнаўленьні «экстрэмісцкага сьпісу» МУС з пазнакай, што ён ужо адбывае пакараньне.
У «сьпісе экстрэмістаў» зьявілася і Тацяна Маханёк. Яшчэ ў 2023 годзе маладую маці, праграмістку Тацяну Маханёк штрафавалі за «распаўсюд экстрэмізму». Тады судзьдзя Міхаіл Юрчанка прызначыў ёй штраф у 925 рублёў. Але зараз імя жанчыны зьявілася ў сьпісе з пазнакай, што судзімасьць не пагашана. Праваабаронцы робяць выснову, што Тацяна Маханёк атрымала «хімію».
Магілёўская вобласьць
Паводле праваабаронцаў «Вясны», у Магілёве за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» асудзілі старасту вёскі, прадпрымальніка Івана Юшкевіча, але прысуд праваабаронцам невядомы. Івану Юшкевічу 48 гадоў. У 2013 годзе ён з жонкай і сынам пераехаў у заняпалую вёску Продвіна Бабруйскага раёну, дзе мужчыну абралі старастам. За час ягонага староства быў узноўлены крыж у памяць загінулых у Другой усясьветнай вайне мясцовых жыхароў, пачышчаны агульны калодзеж. Мясцовая раённая газэта называла Івана Юшкевіча «неабыякавым чалавекам» і «руплівым гаспадаром». Праваабаронцы мяркуюць, што яго асудзілі да зьняволеньня, бо ягоныя сацыяльныя сеткі пасьля суду не абнаўляюцца.
Форум