Пра ягоную сьмерць паведаміла Расейская служба Радыё Свабода з спасылкай на ўкраіснкага журналіста Дзьмітра Гардона.
Віталь Кароціч ачольваў адзін з найбольш уплывовых часопісаў «Огонёк», які адыграў вялікую ролю ў раскрыцьці праўды пра сталінскія рэпрэсіі і ў дэмакратычных зьменах у СССР.
Ён нарадзіўся ў Кіеве. Паводле першай спэцыяльнасьці быў кардыёлягам. Пазьней закончыў Кіеўскі пэдагагічны інстытут замежных моў. Ачольваў украінскі часопіс «Ранок», вёў радыёперадачы. Быў сакратаром Саюза пісьменьнікаў Украіны і сябрам Саюза пісьменьнікаў СССР. Займаўся таксама перакладамі.
Выбіраўся ў дэпутаты Вярхоўнай Рады УССР і быў народным дэпутатам СССР.
У 1986 годзе стаў галоўным рэдактарам усесаюзнага часопісу «Огонёк». Пад яго кіраўніцтвам за два гады наклад выданьня павялічыўся з 1,5 мільёна да 4,5 мільёнаў. Менавіта з гэтым часопісам зьвязаная эпоха галоснасьці ў СССР. За гэтую працу амэрыканскі часопіс World Press Review прысвоіў Кароцічу ў 1989 годзе званьне «Замежны рэдактар году».
19 жніўня 1991 году, знаходзячыся ў ЗША, здаў авіяквіток у Маскву праз імаверны перасьлед з боку ГКЧП. Праз тыдзень калектыў «Огонька» вызваліў яго з пасады галоўнага рэдактара «за праяўленую баязьлівасьць». У Расею вярнуўся ў 1998 годзе.
Форум