Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны дарадца Наўседы: скасаваньне ЗША санкцый супраць Беларусі не закранае Літву


Улады Беларусі дабіваюцца скасаваньня санкцый на пастаўку калійных угнаеньняў. Ілюстрацыйнае фота
Улады Беларусі дабіваюцца скасаваньня санкцый на пастаўку калійных угнаеньняў. Ілюстрацыйнае фота

Фрэдэрыкас Янсанас, галоўны дарадца прэзыдэнта Літвы, заявіў, што санкцыі Літвы супраць Беларусі грунтуюцца на рашэньнях Эўрапейскага Зьвязу, а скасаваньне ЗША абмежаваньняў супраць «Белавія» ніякім чынам не паўплывае на санкцыйныя захады Літвы і краін ЭЗ.

«Інфармацыя аб тым, што гэта (скасаваньне ЗША санкцый супраць „Белавія“. — РС) можа адбыцца, лунала ў паветры. Давайце зразумеем, што пры ўхвальваньні рашэньня ЗША інфармуюць адразу ўсіх, а не па адным партнэры», — сказаў Фрэдэрыкас Янсанас у эфіры радыёстанцыі Žinių radijus 16 верасьня, паведаміла выданьне LRT.

Паводле яго слоў, скасаваньне абмежаваньняў зьяўляецца сувэрэнным правам Амэрыкі і не закранае Літву.

«У прынцыпе, нашы дачыненьні зь Беларусьсю заснаваныя не на амэрыканскіх санкцыях, а на санкцыях ЭЗ, і яны ніяк ня зьменьваюцца», — патлумачыў ён.

Фрэдэрыкас Янсанас падкрэсьліў, што пры далейшым вызваленьні ўладамі Беларусі палітвязьняў пытаньне аб аднаўленьні транзыту калійных угнаеньняў ня будзе абмяркоўвацца.

«Наколькі мне вядома, ніхто не патрабуе ад Літвы аднаўленьня транзыту ўгнаеньняў», — сказаў галоўны дарадца прэзыдэнта Літвы.

11 верасьня ЗША зьнялі санкцыі з авіякампаніі «Белавія». Пра гэта на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам паведаміў прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл. Гэта адбылося ў абмен на вызваленьне і выправаджэньне з радзімы 52 палітвязьняў, частка зь якіх амаль даседзела прысуджаныя тэрміны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG