Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжысэр Алег Сянцоў стаў камандзірам батальёну ва ўкраінскім войску


Алег Сянцоў, 2022 год
Алег Сянцоў, 2022 год

Украінскі кінарэжысэр і сцэнарыст з Крыму Алег Сянцоў, які ў 2014–2019 гадах быў вязьнем Крамля, стаў камандзірам батальёну Ўзброеных сілаў Украіны.

«У мяне кепскія для вас навіны: вайна заўтра ня скончыцца, і пасьлязаўтра ня скончыцца, і хутчэй за ўсё сёлета ня скончыцца», — сказаў ён на канфэрэнцыі «Як нам завяршыць вайну», зладжанай у Кіеве. Ягоныя словы прыводзіць «Інтэрфакс-Украіна».

Сянцоў, які абараняе Ўкраіну з 2022 году і некалькі разоў быў паранены, адзначыў, што вайна моцна зьмянілася.

«Мы бегалі пад Бахмутам з аўтаматамі на поўны рост — ужо такой вайны няма. Пяхота выжывае, сядзіць у норах і чакае, каб у іх не пацэлілі FPV-дроны. Гэтак жа сама наш праціўнік: ніякіх ужо мэханізаваных штурмаў, ніякіх ужо брыгадаў, якія вось так ідуць — інфільтрацыя, маленькія групы людзей. Яны зараз крыху прасоўваюцца, але ўжо такіх тэмпаў няма. І калісьці надыдзе дзень, калі мы спынім іх, і тады Пуцін задумаецца, ці ёсьць сэнс рабіць нешта далей», — мяркуе Сянцоў.

Ён дадаў, што адначасова важна працягваць ціснуць на Расею палітычна і эканамічна.

«Бо другі этап заканчэньня вайны — гэта не калі ўстане фронт, а калі ў Расеі зьменіцца палітычны рэжым. Калі Расея прызнае гэтую вайну памылкай, калі Расея будзе гатовая аддаць нашую тэрыторыю, сказаць, што мы ня мелі рацыі, выбачайце, будзем каяцца ўсё сваё жыцьцё. Гэта будзе для мяне перамога. Я веру, што гэты дзень надыдзе», — заявіў Сянцоў.

У першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня Расеі Сянцоў уступіў у тэрытарыяльную абарону Кіева, потым ваяваў на самых гарачых напрамках у Луганскай і Данецкай абласьцях. Украінскі рэжысэр расказваў, што ваюе, каб «вярнуць у Крым украінскі сьцяг».

Хто такі Алег Сянцоў

Першую вядомасьць Алегу Сянцову прынесла ягоная праца рэжысэрам. Ягоны дэбютны поўнамэтражны фільм «Гамэр», зьняты ў 2011 годзе, атрымаў прызнаньне на міжнародных кінафэстывалях

У траўні 2014 году пасьля анэксіі Крыма Расеяй Сянцова арыштавалі ў Сымфэропалі.

У 2015 годзе расейскі суд пакараў яго 20 гадамі пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў.

Праваабаронцы назвалі абвінавачаньні сфабрыкаванымі, а Сянцова — палітычным вязьнем.

У 2018 годзе Сянцоў абвясьціў галадоўку, патрабуючы вызваленьня ўсіх украінскіх палітвязьняў, у тым ліку сябе. Ён трымаў яе 145 дзён.

У тым жа годзе Эўрапейскі парлямэнт узнагародзіў Сянцова прэміяй Сахарава за свабоду думкі.

У верасьні 2019 году адбыўся абмен зьняволенымі паміж Украінай і Расеяй. Сянцова вызвалілі разам зь іншымі 34 украінскімі вязьнямі, у тым ліку маракамі, захопленымі ў Керчанскім праліве. Наўзамен Расея атрымала Кірыла Вышынскага, былога кіраўніка «РИА Новости Украина», абвінавачанага ва Ўкраіне ў дзяржаўнай здрадзе.

Па вяртаньні ва Ўкраіну Сянцоў працягнуў працу ў кіно і літаратуры. Ён таксама актыўна выступаў за вызваленьне іншых палітвязьняў.

Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ў 2022 годзе Сянцоў далучыўся да Ўзброеных сіл Украіны.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG