Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Мікіта Залатароў парэзаў сабе вены ў аршанскай калёніі — Dissidentby


Мікіта Залатароў, 2021 год
Мікіта Залатароў, 2021 год

Сёлета пры канцы жніўня палітвязень Мікіта Залатароў парэзаў сабе вены ў аршанскай папраўчай калёніі.

«Яго тэрмінова даставілі ў бальніцу, дзе наклалі швы. Мікіта жывы, але яго стан выклікае сурʼёзную занепакоенасьць. Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня палітвязьня», — паведаміла праваабарончая ініцыятыва Dissidentby.

16-гадовага Мікіту Залатарова затрымалі 11 жніўня 2020 году.

Пасьля хуткага сьледзтва яго асудзілі на 5 гадоў пазбаўленьня волі за

  • арганізацыю масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК),
  • гвалт або пагозу ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364),
  • незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў (арт. 295).

Пазьней на Залатарова завялі яшчэ адну крымінальную справу.

Паводле яе матэрыялаў, малады чалавек «наўмысна зрабіў падножку супрацоўніку СІЗА Лучкіну», потым схапіў яго «за валасы і шыю, прычыніўшы фізычны боль і нанёсшы пабоі», а таксама «выказаў пагрозу ўжываньня гвалту ў адрас супрацоўніцы Хаўбок і яе блізкіх».

Кожны з пацярпелых супрацоўнікаў СІЗА запатрабаваў кампэнсацыю ў памеры 1000 рублёў.

Залатароў прызнаў віну, адзначыўшы, што супраціўляўся, а абразьлівыя словы «вымавіў на эмоцыях».

12 ліпеня 2021 году Залатарова прыгаварылі да 1,5 году калёніі агульнага рэжыму паводле арт. 364 КК. Шляхам частковага складаньня канчатковым пакараньнем для яго стала 4,5 году выхаваўчай калёніі.

11 ліпеня 2024 году Мікіту асудзілі на невядомы тэрмін за непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы. .

Залатароў пакутуе на эпілепсію.

Паводле праваабаронцаў, ён неаднаразова скардзіўся родным, што яго жорстка б’юць, у тым ліку электрашокерам.

8 жніўня 2023 году сілавікі затрымалі і бацьку Мікіты — Міхаіла Лапунова.

30 жніўня 2024 году яго асудзілі за стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім (арт. 361-1) і садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 361-4) за ўдзел у тэлеграм-чаце «Гомель за Мікіту Залатарова». Прысуд праваабаронцам невядомы, піша «Позірк».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG