Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Вэнс расказаў пра патрабаваньні Крамля: «Прыкладна 6 тыс. кв. км, якіх яны не заваявалі»


Віцэ-прэзыдэнт ЗША Дж. Д. Вэнс
Віцэ-прэзыдэнт ЗША Дж. Д. Вэнс

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Дж. Д. Вэнс пацьвердзіў у інтэрвію на канале One America News, што Крэмль выставіў тэрытарыяльныя патрабаваньні да Украіны і прэтэндуе на 6 тыс. кв. км тэрыторыі, якую цяпер кантралюе Кіеў.

«Расейцы хочуць прыкладна 6000 квадратных кілямэтраў, якіх яны яшчэ не заваявалі ваеннай сілай», — сказаў Вэнс, камэнтуючы патрабаваньні Масквы. Украінцы ж, паводле яго, хочуць атрымаць гарантыі бясьпекі, «няхай гэта будзе ад эўрапейцаў ці ад кагосьці іншага».

«Ім патрэбна ўпэўненасьць, што калі яны заключаць зьдзелку, расейцы ня вернуцца празь некалькі месяцаў або гадоў, патрабуючы больш. Пытаньне ў тым, ці пойдуць расейцы і ўкраінцы праз гэтыя дзьверы міру, якія адкрыў прэзыдэнт. Мы працягваем старанна працаваць над гэтым», — сказаў Вэнс.

Раней розныя крыніцы паведамлялі, што на апошніх перамовах на Алясцы Крэмль увязваў магчымую мірную дамову па Ўкраіне з патрабаваньнем перадаць яму ўсю Данецкую і Луганскую вобласьць, а ўзамен згаджаўся на «замарозку» лініі фронту ў Херсонскай і Запароскай абласьцях Украіны, якія Масква кантралюе толькі часткова. Пры гэтым ужо пасьля агучваньня гэтай прапановы Расея ўвайшла ў Днепрапятроўскую вобласьць, дзе цяпер ідуць баі, і працягвае весьці баі ў Харкаўскай і Сумскай абласьцях.

На пытаньне пра амэрыканскія санкцыі ў дачыненьні да Расеі і пра тое, чаму самыя жорсткія зь іх дагэтуль ня ўведзены Белым Домам, Вэнс сказаў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп «ня бачыў ніякіх прычын» эканамічна ізаляваць Расею «акрамя працягу канфлікту» ва Ўкраіне. На яго думку, амэрыканскі лідэр можа імкнуцца да больш цесных эканамічных сувязяў з Расеяй, калі вайна ва Украіне скончыцца.

«Падабаецца вам Расея ці не, згаджаецеся вы зь іх аргумэнтамі па канфлікце ці не, просты факт: у іх шмат нафты, шмат газу, шмат мінэральных рэсурсаў», — сказаў Вэнс у інтэрвію.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG