Аляксандру Балан, былы намесьнік дырэктара Службы інфармацыі і бясьпекі (SIS), затрыманы ў Румыніі за шпіянаж на карысьць Рэспублікі Беларусь, знаходзіўся пад сьледзтвам у Рэспубліцы Малдова як мінімум па дзьвюх крымінальных справах.
Пра Аляксандра Балана піша карэспандэнтка малдаўскай службы Радыё Свабодная Эўропа Надзея Копту.
47-гадовы Балан быў вельмі актыўны ў сацыяльных сетках пасьля звальненьня з SIS, крытыкуючы дзейнасьць малдаўскіх спэцслужбаў, напрыклад, за несвоечасовае ўмяшаньне і непрыняцьце мер супраць расейскага ўплыву на выбарах у Рэспубліцы Малдова.
У былога супрацоўніка выведкі ёсьць канал у Telegram пад назвай «Аляксандру Балан — экспэрт у галіне палітыкі бясьпекі» з 368 падпісчыкамі, які ён актываваў пасьля звальненьня, камэнтуючы бягучыя навіны, а таксама старонка ў Facebook з 953 падпісчыкамі, створаная ў сакавіку 2024 году.
За апошнія два гады ён правёў як мінімум чатыры прэс-канфэрэнцыі і быў запрошаны на некалькі тэлевізійных шоў у якасьці экспэрта. На адной з прэс-канфэрэнцый ён заявіў, што ў 2019–2022 гадах SIS ня будзе перашкаджаць уезду ў Малдову высокапастаўленых «эмісараў замежнай выведкі», якія будуць удзельнічаць ва ўмацаваньні ваенізаваных структур у сэпаратысцкім Прыднястроўі і кансультавацца з палітычным штабам.
Пасьля яго арышту 8 верасьня 2025 году ў аэрапорце Тымішаары Ўправа па расьсьледаваньні арганізаванай злачыннасьці і тэрарызму (DIICOT) заявіла, што падазрае Балана ў асабістых кантактах з замежнай дзяржавай — Рэспублікай Беларусь — і продажы ёй сакрэтнай інфармацыі.
Узнагароджаны, затым звольнены
Балан вылецеў у Тымішаару для ўдзелу ў якасьці «экспэрта па бясьпецы» ў канфэрэнцыі «Праэўрапейскі шлях Рэспублікі Малдова», арганізаванай Заходнім унівеэсытэтам 9 верасьня. Аднак пасьля затрыманьня ён прыбыў у Бухарэст на слуханьні ў DIICOT.
Няясна, ці мае Балан таксама румынскае грамадзянства, але румынскае заканадаўства вызначае дзяржаўную здраду, у якой яго падазраюць, як «дзеяньне грамадзяніна Румыніі».
Балан прапрацаваў у малдаўскіх сілавых структурах больш за 20 гадоў, а ў 2016-2018 гадах займаў пасаду намесьніка дырэктара SIS. Па яго ўласных паказаньнях, ён быў неаднаразова адзначаны і ўзнагароджаны мэдалём «За баявыя заслугі».
У публічных выступах, прадстаўляючыся палкоўнікам SIS, ён заяўляў, што каардынуе «асноўныя апэратыўныя ўзроўні» малдаўскіх спэцслужбаў, у тым ліку Антытэрарыстычны цэнтар, і кіруе складанымі спэцапэрацыямі, «некаторыя зь якіх маюць гістарычнае значэньне».
Ён нібыта выкрыў групу ўнутры службы, якая ачарняла палітыкаў, высокапастаўленых асоб і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці ў ананімных Telegram-каналах, але калегі абвінавацілі яго ў стварэньні на працы «страшнай, варожай і абразьлівай атмасфэры, якая зьневажае годнасьць».
Служба дзяржаўнай бясьпекі (SIS) нібыта ініцыявала ў дачыненьні да яго некалькі ўнутраных расьсьледаваньняў, заявіў Балан на сваіх прэс-канфэрэнцыях, але не раскрыла прычыну ягонага звальненьня ў 2023 годзе. Па запыце Радыё Свабодная Эўропа ў SIS заявілі, што інфармацыя аб працы палкоўніка і абставінах ягонага звальненьня з пасады адносіцца да «закрытай інфармацыі».
Кіраваньне ў нецьвярозым стане ў Дзень працаўніка службы бясьпекі
Але ня ўся інфармацыя пра Балана зьяўляецца закрытай. 9 верасьня 2023 году ён урэзаўся ў дзьве машыны на паркоўцы дому, дзе адзначаў Дзень працаўніка службы дзяржаўнай бясьпекі.
Справа дайшла да прэсы, і тэлеканал TV8 паказаў відэазапіс, на якім Балан тлумачыць ахоўнікам паркоўкі, што «ў сьпевака дзень нараджэньня», і абяцае ім вячэру ў рэстаране, калі яны ня выклічуць паліцыю.
Балан паўстаў перад судом па абвінавачаньні ў кіраваньні ў нецьвярозым стане. Апошняе судовае пасяджэньне па гэтай справе адбылося ў судзе раёну Буюкань 30 ліпеня 2025 году. Суд даў адвакату Балана дадатковы час для падрыхтоўкі доказаў абароны, а наступнае пасяджэньне прызначанае на 23 кастрычніка.
Пасьля таго, як справа трапіла ў прэсу, Балан заявіў, што яго абгаварылі, патлумачыўшы, што ён наведаў прыватнае мерапрыемства па-за працоўным часам і «не кіраваў аўтамабілем» у стане алькагольнага ап’яненьня.
У выпадку прызнаньня яго вінаватым яму пагражае штраф у памеры да 32 500 леяў ці грамадзкія працы ад 180 да 240 гадзін ці да 3 гадоў пазбаўленьня волі.
Гэта не адзіная справа, у якой фігуруе імя былога намесьніка дырэктара SIS.
Другая крымінальная справа
6 верасьня 2019 года пракуратура аб’явіла аб расьсьледаваньні справы аб экстрадыцыі турэцкіх настаўнікаў з Рэспублікі Малдова, якая адбылася годам раней.
Сем настаўнікаў зь сеткі ліцэяў «Гарызонт» былі затрыманыя SIS і дастаўленыя чартарным рэйсам у Стамбул, дзе ім былі прызначаныя тэрміны ад 7 да 12 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачваньні ў сувязях з турэцкім дысыдэнтам Фэтхулахам Гюленам, якога ў Турэччыне называюць адказным за спробу дзяржаўнага перавароту.
Расьсьледаваньне пытаньня аб экстрадыцыі ў Малдовы пачалося пасьля рашэньня Эўрапейскага суду па правах чалавека (ЭСПЧ), які ўстанавіў, што малдаўскія ўлады дапусьцілі злоўжываньні ў гэтым выпадку.
Першапачаткова справа праходзіла па двух былых намесьніках дырэктара SIS — Аляксандру Балану і Аляксандру Балтагу. Аднак у 2020 годзе крымінальны перасьлед супраць абодвух быў спынены, і адзіным фігурантам справы застаўся былы кіраўнік SIS Васілі Батнар.
На адной са сваіх прэс-канфэрэнцый Балан заявіў, што ня мае ніякага дачыненьня да высылкі турэцкіх настаўнікаў.
Форум