Часта такія «гутаркі» выкарыстоўваюць не дзеля прафіляктыкі, а як спосаб запалохваньня і збору інфармацыі, зазначаюць праваабаронцы. Юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва тлумачыць, як мінімізаваць рызыкі, калі сілавікі выклікалі на «прафіляктычную гутарку».
Юрыстка «Вясны» зазначыла, што заканадаўства дазваляе выклікаць чалавека на «прафіляктычную гутарку» празь якія-хаця сродкі сувязі, у тым ліку тэлефонны званок, аднак фіксацыя факту выкліку абавязковая.
«Калі гэтага няма — адказнасьці быць ня можа. Парада: не пацьвярджайце ў тэлефоннай размове сваю асобу. Спачатку высьветліце, хто і навошта тэлефануе, і запытайце: „Што яму перадаць?“».
Пры гэтым на самую гутарку нельга прыйсьці з адвакатам. Закон «Аб асновах дзейнасьці па прафіляктыцы правапарушэньняў», паводле якога выклікаюць на гутарку, не прадугледжвае прысутнасьці адваката, кажа юрыстка:
«Таму, нягледзячы на канстытуцыйнае права грамадзяніна Беларусі, у выніку яму могуць адмовіць і размова пройдзе сам-насам з супрацоўнікам».
Абскардзіць дзеяньні супрацоўніка можна ў вышэйшы орган (напрыклад, дзеяньні раённай міліцыі — у гарадзкой ці абласной), пасьля — у пракуратуры і судзе.
«Ні гутарка, ні допыт не абавязваюць чалавека раскрываць свае зьвесткі. Права ня сьведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх гарантавана артыкулам 27 Канстытуцыі Беларусі».
Юрыстка раіць прыйсьці на размову з чыстым тэлефонам ці ўвогуле безь яго, а перадача тэлефона для агляду магчымая толькі з санкцыі пракурора.
Падчас гутаркі могуць папрасіць падпісаць паперу аб тым, што грамадзянін папярэджаны аб адказнасьці. Юрыстка раіць: такі дакумэнт можна сьмела падпісваць, бо ён ня мае юрыдычнага значэньня.
Падчас размовы могуць папрасіць даць тлумачэньне ці нават «прызнаньне віны». Парада юрысткі тут наступная: даваць такія тлумачэньні, а пагатоў іх падпісваць у пратаколе ня варта, бо яны могуць легчы ў аснову абвінавачаньня.
Пры гэтым тэмаю «прафіляктычнай гутаркі» ня можа быць правапарушэньне, у якім чалавека падазраюць.
«У такім выпадку павінен быць афіцыйны допыт»,— нагадвае юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва.
Яна таксама дае параду: падчас гутаркі лепей казаць мінімум, у ідэале толькі аднаслоўныя адказы — «так», «не», «ня ведаю».
Форум