Вучэньні ў Латвіі
На ўсёй тэрыторыі Латвіі ў аўторак, 2 верасьня, пачынаюцца арганізаваныя Нацыянальнымі ўзброенымі сіламі комплексныя вучэньні дзяржаўнай абароны «Namejs 2025» (назва ад імя легендарнага правадыра зэмгалаў XIII ст.). У іх возьмуць удзел каля 12 000 латыскіх і іншаземных вайскоўцаў, у тым ліку з Эстоніі, паведамілі агенцтву LETA ў Нацыянальных узброеных сілах.
Вучэньні працягнуцца да 8 верасьня.
У вучэньнях прымуць удзел жаўнеры ўсіх падразьдзелаў Узброеных сілаў, вайскоўцы Службы дзяржаўнай абароны, жаўнеры запасу і вайскоўцы хаўрусьнікаў.
Вучэньні зарганізаваныя ў супрацы з штабам шматнацыянальнай дывізіі NATO «Поўнач». У іх возьмуць удзел прадстаўнікі ЗША, Эстоніі, Літвы, штаб шматнацыянальнай брыгады NATO ў Латвіі, падразьдзел NATO ў інтэграцыі сілаў у Латвіі, камандаваньне канадыйскіх сілаў у Латвіі.
Цягам манэўраў латыскія і хаўрусныя войскі й вайсковая тэхніка будуць перамяшчацца галоўнымі і рэгіянальнымі дарогах Латвіі. Вайсковыя самалёты будуць лётаць у паветранай прасторы краіны, у тым ліку на малой вышыні, а на палігонах пройдуць баявыя стрэльбы.
Вучэньні ў Літве
У Літве пачынаюцца вайсковыя вучэньні «Perkūno Griausmas» («Гром Перуна»), у якіх возьмуць удзел каля 17 тысяч літоўскіх і хаўрусьніцкіх вайскоўцаў. «Perkūno Griausmas» аб’яднае мноства невялікіх вучэньняў на тэрыторыі Літвы.
Манэўры будуць праходзіць на палігонах і цывільных тэрыторыях два месяцы. Калёны вайсковай тэхнікі будуць рухацца дарогамі краіны, будуць лётаць вайсковыя самалёты, будзе выкарыстоўвацца імітацыйнае і гукавое абсталяваньне.
«Наша мэта — арыентаваць вайсковыя вучэньні на забесьпячэньне дасягненьня і падтрыманьня гатоўнасьці ўсіх падразьдзелаў выконваць задачы, прадугледжаныя плянам узброенай абароны дзяржавы», — гаворыцца ў прэс-рэлізе галоўнага вайскавода Ўзброеных сілаў Літвы генэрала Раймундаса Вайкшнараса, які цытуе Delfi.
Паводле вайскоўцаў, вучэньні наўпрост зьвязаныя з рэальнымі плянамі абароны і практыкаваньнем у іх асобных элемэнтах. Камандаваньне Ўзброеных сілаў, камандныя пункты арміі і ўстановаў, падразьдзелы і вайскоўцы, а таксама вайсковыя камэнданты і органы мясцовага самакіраваньня будуць трэнавацца ў навыках плянаваньня і выкананьня задачаў узброенай абароны.
Агульныя вучэньні ў верасьні і кастрычніку аб’яднаюць чацьвёра паасобных вучэньняў, а таксама штогадовыя літоўскія вайсковыя вучэньні, такія як «Інжынэрны гром 2025», «Жалезны воўк 2025 II» і «Моцны грыфон 2025».
Гэтыя вучэньні будуць праходзіць у часе расейска-беларускіх вучэньняў «Запад». Паводле зьвестак літоўскай выведкі, у апошніх прымуць удзел да 30 тысяч вайскоўцаў.
Вучэньні ў Польшчы
У Польшчы пачаліся стратэгічныя вайсковыя вучэньні Iron Defender – 25 — самыя маштабныя для краіны ў 2025 годзе.
Генэральны штаб Войска Польскага паведаміў, што ў манэўрах бяруць удзел каля 34 тысяч жаўнераў і афіцэраў з Польшчы і краін-хаўрусьніц, а таксама больш за 600 адзінак вайсковай тэхнікі розных тыпаў.
Вучэньні маюць сухаземны, морскі і паветраны складнікі, яны пройдуць на палігонах у паўночнай, паўночна-ўсходняй і паўднёва-ўсходняй Польшчы, інфармуе Польскае радыё.
Цяперашнія манэўры прадугледжваюць выкарыстаньне новых ударных і выведных плятформаў з улікам практычнага выкарыстаньня досьведу, атрыманага ў часе вайны ва Ўкраіне.
Польшча пасьлядоўна ўзмацняе свай войска, што наўпрост зьвязана з нападам Расеі на Ўкраіну і агрэсіўнай рыторыкай Крамля. Так, у 2026 годзе плянуецца выдаткаваць на абарону 200 млрд злотых (каля 50 млрд эўра), або 4,8% ад валавога ўнутранага прадукту (ВУП) краіны. Ужо сёньня Варшава вылучае на абарону 4,48% ВУП — найбольш сярод краінаў NATO.
Форум