Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця — незалежная ўзнагарода, якую ўручаюць штогод з 2012-га за найлепшую кнігу прозы па-беларуску, выдадзеную ў папярэднім годзе.
Сёлета на прэмію пададзена 19 твораў. У доўгі сьпіс трапіла 13 (замест традыцыйных дванаццаці, бо за 12-е і 13-е месцы сябры журы аддалі роўную колькасьць галасоў пры паўторным галасаваньні).
Доўгі сьпіс — «чортаў тузін»
«Мое баба — Діректор морга» — Вольга Аполька (Голя з Ополя) (самвыдавецтва);
«Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» — Вольга Вялічка (выдавецтва Gutenberg Publisher);
«Вольнеры. Бясконцы дзень» — Валер Гапееў (выдавецтва «Янушкевіч»);
«Гульні Цырцэі. Раман» — Зьміцер Дзядзенка (фонд Kamunikat.org);
«Занзібар. Сталеньне маладой душы» — Сяргей Дубавец (выдавецтва «Вясна»);
«Стрыжэ і піша» — Сяргей Календа (выдавецтва Gutenberg Publisher);
«Перамена месцаў» — Югася Каляда (выдавецтва «Пфляўмбаўм»);
«Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» — Аляксандар Лукашук (выдавецтва «Вясна»);
«Апошняе пакаленьне» — Макар (выдавецтва «Янушкевіч»);
«Жыцьцё ў дванаццаці апавяданьнях» — Аляксей Правалоцкі (выдавецтва «Янушкевіч»);
«Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» — Анка Упала (выдавецтва Alena Kazlova);
«Гвалт» — Аляксандар Чарнуха (выдавецтва «Янушкевіч»);
«Забойства на вуліцы Макаёнка» — Клёк Штучны (аўдыявыдавецтва Audiobooks.by і выдавецтва «Янушкевіч»).
Кнігі, выдадзеныя за мяжой
Адметнасьць сёлетняга адбору — сябры журы вырашылі дапусьціць да ўдзелу аўдыёкнігі. Гэта «Забойства на вуліцы Макаёнка», аўтар Клёк Штучны. У Audiobooks.by спачатку выйшла аўдыёвэрсія, пазьней у выдавецтве «Янушкевіч» зьявілася і друкаваная.
Пра іншыя адметнасьці сёлетняй прэміі імя Ежы Гедройця пагаварылі зь сябрам журы Сяргеем Кавалёвым — літаратуразнаўцам, драматургам, загадчыкам катэдры славянскага літаратуразнаўства Люблінскага ўнівэрсытэту імя Марыі Складоўскай-Кюры, галоўным рэдактарам навуковага часопіса Studia Białorutenistyczne.
Сяргей Кавалёў заўважае, што апошнімі гадамі істотна скарацілася колькасьць кніг, пададзеных на прэмію. Калі ў 2012-19 гадах іх бывала да 50, то ў 2023 было ўжо толькі 15.
«Аднак сёлета ёсьць рост у параўнаньні з той крытычнай лічбай. Сёлета пададзена 19 кніг. Але агульная тэндэнцыя — усе гэтыя кнігі выдадзеныя па-за межамі Беларусі: у Польшчы, Чэхіі, Літве выдавецтвамі „Янушкевіч“, Gutenberg, „Вясна“, „Пфляўмбаўм“.
Ня думаю, што беларусы сталі менш пісаць, беларусы сталі менш выдаваць. Кожную справу можна разглядаць палітызавана, і гэта залежыць не ад пісьменьнікаў, а ад выдавецтваў. Іх вельмі мала засталося ў Беларусі. І для іх гэта небясьпечна — удзельнічаць у конкурсе. Так ці інакш, я канстатую факт. На жаль, летась і сёлета ў конкурсе ўдзельнічаюць кнігі, выдадзеныя за мяжой», — адзначае сябра журы.
Сур’ёзная проза, добрая бэлетрыстыка
З словаў Кавалёва, тэндэнцыя апошніх гадоў — зьмяншэньне колькасьці выданьняў мастацкай прозы. Справу ратавала літаратура «нон-фікшн», а таксама «аўтафікшн» — успаміны, мэмуары і эсэістыка. Кавалёў узгадвае, што леташнім пераможцам быў філёзаф Валянцін Акудовіч з сваёй хронікай інтэлектуальнага жыцьця, а раней былі Зьміцер Бартосік, Сяргей Абламейка. Гэты жанр фігуруе і ў сьпісе для сёлетняй прэміі.
«Ёсьць дзёньнік Сяргея Дубаўца „Занзібар“; успаміны Аляксандра Лукашука „Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода“; кніга „Стрыжэ і піша“ на падставе ўласнага дзёньніка Сяргея Календы; да „аўтафікшн“ можна аднесьці кнігу Анкі Ўпалы „Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў“», — пералічвае сябра журы.
Яго вельмі радуе, што сёлета зьяўляецца ўсё больш сур’ёзнай прозы, добрай бэлетрыстыкі.
«Прычым гэта проза розных паджанраў: гістарычны дэтэктыў „Гульні Цырцэі“ Зьмітра Дзядзенкі і сучасны дэтэктыў-містэрыя „Забойства на вуліцы Макаёнка“ Клёка Штучнага, фэнтэзі Валерыя Гапеева „Вольнеры. Бясконцы дзень“, традыцыйная рэалістычная проза „Жыцьцё ў дванаццаці апавяданьнях“ Аляксея Правалоцкага, фантасмагорыя „Гвалт“ Аляксандра Чарнухі, „Перамена месцаў“ Югасі Каляды.
То бок мы бачым, што нарэшце і мастацкая проза — а яе ў першую чаргу чытаюць — досыць шпарка разьвіваецца. Іншая рэч, што гэта кнігі рознай якасьці, рознага ўзроўню, але мы бачым папаўненьне жанру прозы, а ня толькі дакумэнтальнай літаратуры», — тлумачыць Сяргей Кавалёў.
І адзначае, што ў конкурсе ўдзельнічаюць як знаныя аўтары (Валер Гапееў, Югася Каляда, Зьміцер Дзядзенка), так і маладыя: Макар, Аляксандар Чарнуха.
«Назіраем зьмену пакаленьняў і кантынуацыю гэтых традыцый. Ну і самае галоўнае, мне здаецца, — з кніг доўгага сьпісу кожны чытач у залежнасьці ад сваіх упадабаньняў знойдзе некалькі цікавых пазыцыяў, якія прачытае з прыемнасьцю», — кажа Кавалёў.
Суразмоўца ня першы год уваходзіць у журы прэміі. Гаворыць, што ёсьць кнігі, якія прымаюць амаль аднагалосна, але звычайна ўзьнікаюць канструктыўныя спрэчкі.
«Гэта не матэматыка, ня фізыка, кожны мае сваё меркаваньне. Мы ня проста галасуем — абмяркоўваем, дзелімся думкамі. За апошнія некалькі гадоў я не прыгадаю канфліктаў. Самае галоўнае — каб пасьля галасаваньня не было выпадкаў, каб сябры журы перасталі размаўляць адно з адным, узьнікалі нейкія крыўды, або аўтары перасталі зь імі размаўляць і вітацца. Апошнімі гадамі я не назіраў такіх сытуацыяў», — кажа сябра журы.
Без Бахарэвіча
Некалькі гадоў прэмія Гедройця была для беларускіх літаратараў вельмі прывабнай і ў фінансавым пляне — пераможцу прызначалі 10 тысяч эўра ды творчыя вакацыі на швэдзкай высьпе Готлянд. За другое месца — месячны побыт ва Ўроцлаве, за трэцяе — выданьне кнігі ў Польшчы.
Першым ляўрэатам прэміі імя Гедройця ў 2012 годзе стаў тады яшчэ малавядомы літаратар-пачатковец Павал Касьцюкевіч — за зборнік апавяданьняў «Зборная РБ па негалоўных відах спорту». Больш вядомыя намінанты — Альгерд Бахарэвіч і Андрэй Федарэнка — апынуліся па-за сьпісам пераможцаў.
На прэмію ў наступным 2013 годзе было пададзена 43 кнігі. Многія аўтары падалі па два новыя творы: Альгерд Бахарэвіч — «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» і «Шабаны»; Сяргей Календа — «Кантынэнтальны сьняданак» і «Трохлітровая проза»; Людміла Рублеўская — «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега» і «Сутарэньні Ромула»; Сяргей Рублеўскі — «Пасьпець надыхацца» і «Сьвятло Лускі»; Андрэй Федарэнка — «Ланцуг» і «Сечка». У 2013 годзе ляўрэатам прэміі Гедройця стаў Уладзімер Някляеў за кнігу «Аўтамат з газіроўкай зь сіропам і без».
Аднак рэкордным стаў наступны, 2014 год. Тады журы атрымала на разгляд ажно 46 кніг. У 2015-м на прэмію падалі 42 творы. Летась (за 2023 год) пададзена сама менш кніг за ўсю гісторыю прэміі — паўтара дзясятка, у доўгі сьпіс адабраныя 10 твораў.
Звычайна журы абірае ў доўгі сьпіс 12 кніг. У пятым сэзоне (2017 год) у сьпіс трапў «чортаў тузін» кніг. Тады першае месца атрымаў Макс Шчур за кнігу «Завяршыць гештальт», якому выпаў «нешчасьлівы» 13 нумар. Сёлета ў доўгім сьпісе зноў 13 кніг.
У розныя гады пераможцамі прэміі імя Гедройця станавіліся згаданы Макс Шчур» (2016), Зьміцер Бартосік «Быў у пана верабейка гаварушчы» (2017), Ільля Сін Libido (2019), Ганна Кандрацюк «У прысьценку старога лесу» (2022). Атрымлівалі прэмію і «мэтры»: Віктар Казько за «Час зьбіраць косьці» (2015); Уладзімер Арлоў за «Танцы над горадам» (2018); Валянцін Акудовіч за кнігу «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» (2023).
Не ўзялі прызавых месцаў у свой час такія нашумелыя творы, як «Мова» і «Ноч» Віктара Марціновіча, «Радзіва „Прудок“» Андруся Горвата.
Бясспрэчны лідэр у колькасьці прызавых месцаў — Альгерд Бахарэвіч: на ягоным рахунку чатыры другія месцы („Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча“, „Гамбурскі рахунак Бахарэвіча“, „Белая муха, забойца мужчын“, „Сабакі Эўропы“) і адно трэцяе месца („Дзеці Аліндаркі“). Трэба падкрэсьліць важную акалічнасьць: пасьля 2018 году пісьменьнік прынцыпова больш не намінаваўся на прэмію.
Адам Глобус падаваў заяўкі на ўдзел 7 разоў, двойчы заваёўваў трэцяе месца. 6 спробаў мае Людміла Рублеўская, у 2017-м яна ўзяла другое месца. Па 4 разы на прэмію намінаваліся Сяргей Дубавец (у 2020-м стаў пераможцам за кнігу „Тантамарэскі“); Вінцэсь Мудроў (дзьве „бронзы“), Андрэй Федарэнка (адно трэцяе месца); Сяргей Абламейка — першае месца за „Невядомы Менск“ у 2022 годзе і адно трэцяе).
Ужо чацьвёрты год уручаць прэмію будуць не ў Беларусі. Два гады запар — у 2022-м і 2023-м — урачыстасьці праходзілі ў Варшаве, летась у Гданьску. Мяркуецца, што ў верасьні журы абвесьціць кароткі сьпіс з шасьці твораў, а арганізатары вызначацца з часам і месцам урачыстай цырымоніі.
Форум