Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ выклікае беларусаў, што вяртаюцца з-за мяжы, на гутаркі пра «здраду дзяржаве»


Сядзіба КДБ у Менску, архіўнае фота
Сядзіба КДБ у Менску, архіўнае фота

Deutsche Welle прывяла некалькі прыкладаў і камэнтар экспэрта.

Беларусаў, якія прыехалі з-за мяжы дадому, пачалі выклікаць на «прафіляктычныя гутаркі» ў КДБ. Дэталі такіх размоваў высьвятляла Deutsche Welle.

Жыхарка Горадзенскай вобласьці расказала выданьню, што па прыбыцьці дадому яе тэлефонным званком выклікалі на гутарку ў мясцовае ўпраўленьне КДБ.

«Я даўно жыву за мяжой, рэдка, але ўсё ж прыяжджаю ў Беларусь — да родных, па дакумэнты, — паведаміла яна. — На мяжы да мяне не было пытаньняў, у пратэстах ня ўдзельнічала, таму вельмі зьдзівілася, калі мяне выклікалі».

Суразмоўца прызналася, што супрацоўнік КДБ адразу папярэдзіў: яўка абавязковая, інакш прыцягнуць да адказнасьці. Падчас гутаркі, з словаў жанчыны, яе падрабязна распытвалі, чым яна займаецца за мяжой, з кім мае зносіны, ці спрабавалі яе вэрбаваць мясцовыя спэцслужбы, ці чытае яна забароненыя ў Беларусі рэсурсы, як ставіцца да дзейнай улады і чаму аддае перавагу жыцьцю за мяжой.

«Усе мае адказы запісалі. Потым супрацоўнік спытаў, ці ведаю я, што такое здрада дзяржаве. Я адказала, што чула пра такое толькі ў савецкіх фільмах. Тады ён зь ліста зачытаў, якія дзеяньні могуць ацэньвацца як здрада, якая за гэта пагражае адказнасьць. І я мусіла падпісаць дакумэнт, што мне ўсё гэта патлумачылі», — расказала жанчына.

Паводле DW, на такія ж гутаркі выклікаюць і ў Менску. Увагу надаюць і тым, хто прыяжджае ў Беларусь рэдка, некалькі разоў за год. Тэма гутаркі ўсё тая ж — папярэджаньне аб адказнасьці за «здраду радзіме» паводле артыкулу 356 КК.

Як патлумачыў DW беларускі юрыст, адпаведна закону «Аб асновах дзейнасьці па прафіляктыцы правапарушэньняў» грамадзянін абавязаны зьявіцца на такую гутарку, прычым выклікаць могуць нават тэлефонным званком ці паведамленьнем у мэсэнджары. За няяўку могуць завесьці адміністрацыйную справу паводле арт. 23.4 КаАП, што пагражае штрафам ад 2 да 50 базавых велічыняў (84–2100 рублёў, гэта 24–600 эўра) ці адміністрацыйным арыштам.

Паводле юрыста, закон у Беларусі вызначае прыкладную працягласьць «прафіляктычнай гутаркі» — у межах адной гадзіны, але на практыцы размова можа быць і даўжэйшая.

Як правіла, падчас «прафіляктычнай гутаркі» супрацоўнік афармляе пратакол, які па заканчэньні размовы грамадзяніну перадаюць на подпіс.

«Трэба ўважліва, не сьпяшаючыся прачытаць увесь дакумэнт, удакладніць сумнеўныя моманты, — раіць юрыст. — Зьвярнуць увагу на прагалы на лістах, каб супрацоўнікі не маглі туды штосьці дапісаць».

У рамках «прафіляктычных гутарак», зазначае экспэрт, органы дзяржаўнай бясьпекі могуць выносіць афіцыйнае папярэджаньне.

«Што да патэнцыйнага прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці, нельга выключыць і такі зыход падзеяў, — папярэджвае юрыст. — Таму яшчэ да візыту на такую гутарку трэба ўзгадаць, ці быў удзел у пратэстах, данаты, камэнтары і допісы ў сацыяльных сетках, да якіх могуць дачапіцца сілавікі. І ў першую чаргу падумаць аб сваёй бясьпецы».

Ці можа «прафіляктычная гутарка» ператварыцца ў вэрбаваньне? З словаў экспэрта, у рамках закону — не.

«Але органы бясьпекі могуць вэрбаваць не ў адпаведнасьці з законамі, а кіруючыся сваімі інтарэсамі. Грамадзянін не абавязаны згаджацца на такую супрацу. Але, зыходзячы з практыкі, трэба быць гатовым, што супрацоўнікі КДБ могуць чыніць ціск, выкарыстоўваць кампрамэтацыйныя матэрыялы і пагрозы», — папярэджвае беларускі юрыст, суразмоўца DW.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG