Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сыстэма відэаназіраньня Kipod ускладняе жыцьцё асуджаных на «хатнюю хімію»


Камэры відэаназіраньня ў Менску
Камэры відэаназіраньня ў Менску

У Менску і іншых гарадах Беларусі ўсё больш камэраў відэаназіраньня, частка зь іх — з функцыяй распазнаваньня асобы. Асуджаных на абмежаваньне волі за палітыку ўносяць у спэцыяльную базу: калі іх «зловіць» камэра, інфармацыя прыйдзе інспэктару і пагоршыць умовы абмежаваньня волі для асуджанага.

Журналісты выданьня «Медиазона» сабралі некалькі гісторый, дзе асуджаныя на «хатнюю хімію» траплялі на відэакамэры і затым мелі праблемы ад сілавікоў.

«Прыйшло відэа зь Менску»

У 2022 годзе Кацярыну асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах. Часам яна парушала забароны і езьдзіла ў Менск у справах, напрыклад зь дзецьмі да пэдыятра. Свой тэлефон у такіх выпадках жанчына пакідала дома і карысталася запасным. Дапускаючы, што яе могуць заўважыць праз камэры відэаназіраньня, заўсёды насіла цёмныя акуляры.

Аднойчы Кацярына зайшла на пошту ў раёне мэтро «Парк Чалюскінцаў» у Менску. Стоячы ля акенца, зьняла акуляры. Праз паўтары гадзіны ёй патэлефанавала інспэктарка і сказала, што «прыйшло відэа зь Менску» і зараз трэба прыехаць у аддзяленьне міліцыі і даць тлумачэньне.

«У яе было маленькае відэа, дзе я стаю, на паўхвіліны здымаю акуляры, і гэта імгненна фіксуе камэра. Мне тады далі адразу 15 содняў».

Кацярына расказвае, што якасьць карцінкі была дастатковай, каб пазнаць чалавека.

Жанчына ўспамінае, што ўсе асуджаныя ведаюць пра адмысловыя камэры, але няма сьпісу аб’ектаў, дзе такія стаяць. Разуменьне прыходзіла шляхам досьведу: камусьці аформілі парушэньне пасьля таго, як зафіксавалі ў неналежны час у нейкай краме — «ок, цяпер усе ведаюць, што туды лепш не хадзіць».

«Самае крыўднае, што паралельна з гэтым закручваліся гайкі. Калі спачатку можна было адпрасіцца, напрыклад, да стаматоляга зь дзіцём ці яшчэ некуды, то потым яны проста перасталі кудысьці пускаць. Быццам самі ствараюць умовы, каб людзі парушалі».

«Чалавек у масцы і акулярах выкліча пытаньні»

Мікалай, асуджаны на 2,5 года «хатняй хіміі» ў 2024 годзе, не атрымліваў парушэньня за трапляньне на камэру відэаназіраньня ў горадзе. Але яшчэ да прысуду адправіўся на «суткі» на Акрэсьціна і сустрэў там асуджаных на «хатнюю хімію», якія таксама трапілі ў ізалятар.

Ужо потым, пры пастаноўцы на ўлік, міліцыянты фатаграфавалі Мікалая і папярэджвалі, што відэа з камэраў у выпадку чаго ў міліцыю «будзе прыходзіць аўтаматычна».

Асуджаныя «хімікі» абмяркоўвалі паміж сабой, што ў выпадку неабходнасьці маска і акуляры могуць дапамагчы схаваць твар ад камэры. «Але выгляд такога чалавека, напрыклад, у мэтро, таксама выкліча ў міліцыі пытаньні: падыдуць, пацікавяцца, папросяць зьняць».

«Ты заўсёды павінен быць пільным»

Іван атрымаў 2,5 года «хатняй хіміі» паводле артыкулу аб грубым парушэньні парадку ў 2023 годзе. Пачаў выстройваць сваё жыцьцё з улікам новых правілаў. Рэжым, вызначаны яму інспэктарам, часам даводзілася парушаць.

«У краму можна было толькі з 8 да 9 раніцы ў працоўныя дні — жудасна нязручна. Таму часам дамаўляўся з працадаўцам, зьяжджаў крыху раней і вырашаў свае справы».

Мужчына ўлічваў відэаназіраньне і заўсёды пры ўваходзе ў транспарт накідваў каптур і апускаў галаву. Аднойчы гэта не спрацавала — камэра зьняла яго ў неналежны час на станцыі мэтро «Маскоўская». Тады яго адправілі на Акрэсьціна.

Пасьля гэтага давялося яшчэ больш уважліва падыходзіць да бясьпекі: Іван заходзіў у гандлёвыя цэнтры толькі ў каптуры ці масцы, выбраў сабе цырульню недалёка ад дому, дзе не было камэраў.

«Гэта гучыць проста, у рэальнасьці ты заўсёды павінен быць пільным, заўсёды на крок наперад трэба думаць».

Асуджаныя на «хатнюю хімію» абмяркоўвалі паміж сабой розныя выпадкі — кагосьці камэра зьняла ў падземным пераходзе, кагосьці — на запраўцы «Беларуснафты» на зьездзе з кальцавой дарогі і г. д.

«Рэдка было, калі менавіта дадому да кагосьці прыйшлі, а чалавека няма на месцы», — гаворыць Іван.

Кацярына мяркуе, што так актыўна сілавікі выкарыстоўваюць камэры толькі ў Менску і Менскай вобласьці. Паводле інфармацыі «Медиазоны», такая практыка прымяняецца таксама ў Берасьці.

У «вялікага брата» ўсё больш вачэй

Камэраў відэаназіраньня з функцыяй распазнаваньня твару ў Менску штогод становіцца больш.

Паводле інфармацыі выданьня Devby.io, пацьверджанай былымі супрацоўнікамі кампаніі Synesis і МУС, у 2019 годзе ў сталіцы было 100 камэраў, падлучаных да сыстэмы Kipod. Да 2021 году іх павінна было стаць ужо 13 тысяч. Усе гэтыя камэры падключаныя да Рэспубліканскай сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі (РСМГБ).

Kipod — прадукт кампаніі Synesis, воблачная плятформа для, як сказана на сайце кампаніі, «інтэлектуальнага відэаназіраньня і маніторынгу грамадзкай бясьпекі ў маштабах дзяржавы». Інструмэнт, які выкарыстоўваецца ў РСМГБ.

Гаворка ня толькі пра вулічныя камэры. У чэрвені 2020 году была апублікаваная пастанова Савету Міністраў, паводле якой уладальнікі 261 менскіх крамаў, бараў і кавярняў мусілі паставіць у сваіх установах «сродкі сыстэмы відэаназіраньня за станам грамадзкай бясьпекі».

У 2021 годзе распараджэньнем Менскага гарвыканкаму колькасьць камэраў была павялічаная, у пераліку было ўжо больш за 1000 аб’ектаў — школы, унівэрсытэты, адміністрацыйныя будынкі і г. д. Пры гэтым у дакумэнце тады не гаварылася аб падлучэньні камэраў да РСМГБ.

У 2023 годзе сыстэмы відэаназіраньня было вырашана распаўсюдзіць на зялёныя зоны, паркі і экасьцежкі — зноў па рашэньні Менгарвыканкаму. Колькі ж усяго камэраў відэаназіраньня з функцыяй распазнаваньня твару працуе ў сталіцы, невядома. Па зьвестках на 2023 год, іх было каля 2500 штук.

Вясной 2024 году намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч расказваў у інтэрвію СТВ, што па ўсёй Беларусі ўсталявана каля 35 тысяч камэраў, падключаных да РСМГБ.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG