Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музыкант зь Беларусі ўзяў удзел у фэсьце «Таўрыда.Арт», што прайшоў у анэксаваным Расеяй Крыме


На фэсьце «Таўрыда.Арт» у Судаку 1-3 жніўня 2025 году можна было заўважыць і дзяржаўны сьцяг Беларусі
На фэсьце «Таўрыда.Арт» у Судаку 1-3 жніўня 2025 году можна было заўважыць і дзяржаўны сьцяг Беларусі

Фэст 1-3 жніўня прымаў крымскі горад Судак.

На адной з пляцовак штогадовага фэсту, які праводзяць у анэксаваным Расеяй Крыме, беларускі выканаўца поп-музыкі LYRIQ выступіў з маскоўскай сьпявачкай DEMIDOVA.

Канцэрт адбыўся 2 жніўня.

Пад сцэнічным імем LYRIQ выступае 29-гадовы Кірыл Ермакоў, які пачынаў як кампазытар і саўнд-прадусар. Ён супрацоўнічаў з рознымі расейскімі сьпевакамі. У 2018 годзе ён быў фіналістам адборачнага конкурсу на Эўравізію ад Беларусі.

У публікацыях, якія выйшлі ў расейскіх СМІ таксама паведамілі, што яшчэ адзін «госьць зь Беларусі» удзельнічаў конкурсе штучнага інтэлекту «Культурны код Расеі».

На ім ацэньваліся відэаролікі, генэрыраваныя або апрацаваныя пры дапамозе штучнага інтэлекту і прымеркаваныя расейскаму культурнаму коду ў розных яго праяўленьнях — у жывапісу, архітэктуры, музыцы, літаратуры, тэатры, кіно і народных традыцыях. Пераможцам гэтага конкурсу стаў Аляксандар Шынкарэўскі з Сімферопаля з працай «Ванюша». Ролік, які прадставіў беларус, як і месца, якое ён заняў, у публікацыях ня згадваюць.

Большасьць мерапрыемстваў, што праходзілі ў межах фэсту, мелі прапагандысцкую афарбоўку.

У прыватнасьці, на пляцоўках фэсту адбыліся паказы твораў і акцыі, прымеркаваныя да 80-годзьдзя перамогі ў Другой усясьветнай вайне, а таксама вайне ва Ўкраіне, якую ў Расеі па-ранейшаму называюць «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй». Для дапамогі параненым расейскім вайскоўцам правялі дабрачынную акцыю «Гітара для перамогі» — расейскія музыканты сабралі 250 гітар, каб перадаць іх у шпіталі і на фронт.

Апроч таго, на адной з пляцовак выступіла група «Сінева» (франтавая творчая брыгада паветрана-дэсантных войскаў Расеі), а таксама прадэманстравалі шэраг вайскова-патрыятычных кінапраектаў. Асобна зрабілі выстаўку прац расейскіх мастакоў на тэму «спэцыяльнай вайсковай апэрацыі».

Арганізатары сьцьвярджаюць, што фэст наведалі прыблізна 100 000 удзельнікаў з усіх рэгіёнаў Расеі, а таксама з 21 замежнай краіны. Аднак, краіны не ўдакладнілі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG