Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка заявіў аб пагрозах і спробах вярбоўкі спэцслужбамі Беларусі супрацоўнікаў НАУ


Павал Латушка, архіўнае фота
Павал Латушка, архіўнае фота

27 і 28 ліпеня было зроблена сем спробаў вярбоўкі супрацоўнікаў Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) беларускімі спэцслужбамі, заявіў яго кіраўнік Павел Латушка на прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве 31 ліпеня.

«І гэтыя дзеяньні працягваюцца да сённяшняга дня», — сказаў Павал Латушка, якога цытуе «Позірк».

«За гэтымі дзеяньнямі стаяць Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, Галоўнае разьведвальнае ўпраўленьне і спэцыяльнае падразьдзяленьне МУС, якое фактычна атрымала функцыі выведкі. Вярбоўка ажыцьцяўляецца праз асабістыя паведамленьні ў мэсэнджарах, адрасаваныя канкрэтным супрацоўнікам».

Латушка распавёў, што за згоду супрацоўнікам НАУ прапаноўвалі грашовую ўзнагароду, паведаміла «Люстэрка».

Таксама, паводле слоў палітыка, ён атрымаў па электроннай пошце ад «калектыўнага КДБ» пагрозы вялікай правакацыі супраць яго і іншых прадстаўнікоў дэмакратычных сіл за мяжой.

Выказаўся Латушка і пра лёс былой кіраўніцы Каардынацыйнай Рады Анжалікі Мельнікавай, якая таямніча зьнікла.

Паводле Паўла Латушкі экс-сьпікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай можа ня быць у жывых.

«Выклікае падазрэньні, што, можа, яна ўжо і не жывая», — сказаў 31 ліпеня Павал Латушка пра Анжаліку Мельнікаву на прэсавай канфэрэнцыі ў Варшаве.

Пра зьнікненьне сьпікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнкіавай стала вядома 28 сакавіка, калі пра гэта публічна паведаміў Павал Латушка. З словаў палітыка, заяву аб зьнікненьні Мельнікавай у польскую паліцыю ён падаў яшчэ раней — 25 сакавіка.

А на сувязь Анжаліка выходзіла апошні раз 21 сакавіка.

Раней стала вядома, што Яўгену Казанцаву, які напаў на Паўла Латушку ў Варшаве, прысудзілі штраф у памеры 6000 злотых і дэпартацыю ў Беларусь.

Інцыдэнт адбыўся 2 ліпеня 2025 года падчас лекцыі з нагоды 35-годзьдзя Усходнеэўрапейскага інстытуту пры Варшаўскім унівэрсытэце. Падчас публічнага выступу ў беларускага палітыка і грамадзкага дзеяча, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Паўла Латушку малады чалавек кінуў бак са сьмецьцем. Акрамя таго, нападнік выгукваў на адрас палітыка абразы, сьцьвярджаючы, што Латушка нібы «хацеў спаліць усю апазыцыю».

Пазьней стала вядома, што нападнік — грамадзянін Беларусі, студэнт Варшаўскага ўнівэрсытэта Яўген Казанцаў.

Нападаць на апазыцыйных палітыкаў, каб вярнуцца на радзіму заклікаў 5 ліпеня беларускіх эмігрантаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, старшыня праўладнай ЛДПБ Алег Гайдукевіч.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG