Як паведамілі праваабаронцы «Вясны», справы супраць такіх затрыманых вядуць ня толькі на падставе артыкулаў аб «экстрэмізьме», але і нібыта за «змову з мэтай захопу ўлады». Паводле «Вясны», за краты ўжо трапілі дзясяткі чалавек, у ліпені пачаліся суды ў «справах дваровых чатаў», прычым большасьць фігурантаў у іх — жанчыны.
«Вясна» паразмаўляла з фігуранткай такой справы Тацянай, якой удалося ўцячы з краіны. Тацяна расказала праваабаронцам пра сваё затрыманьне, допыты ў КДБ і СК, пра зьмест абвінавачваньняў і пагрозы сілавікоў.
Вінавацяць у «змове з мэтай захопу ўлады»
29 кастрычніка 2024 году КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» дваровую кааліцыю «Ордэн», у якую ўваходзяць дваровыя чаты «Злые когтики», «Сухарево», «Сеніца2.0», «Солідарность», «Вольныя ваўкі», «Наваградзкія партызаны», «ВИЛИЯ», «Скромные матрешки», «Соседи».
Напачатку лістапада 2024 году ўва ўсіх рэгіёнах Беларусі пракацілася хваля затрыманьняў у «справе дваровых чатаў», якія нібыта «спрабавалі аб’яднацца ў арганізацыю з мэтай захопу ўлады».
Праваабаронцы «Вясны» ведаюць прозьвішчы больш як 10 затрыманых, у тым ліку аднаго грамадзяніна Ўкраіны. Агулам у «справах дваровых чатаў» затрымалі, як лічаць праваабаронцы, некалькі дзясяткаў чалавек.
Некаторыя фігуранты знаходзяцца за мяжой. Затрыманым выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу («змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»), а таксама ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»), паведамляе «Вясна».
Паводле праваабаронцаў, у ліпені 2025 году ў Беларусі пачаліся першыя суды ў падобных справах. Так, у Горадні пачаўся суд над пяцьцю фігурантамі. Неўзабаве пачнуцца суды над групамі людзей з Ваўкавыску і Наваградку.
Як затрымалі
Суразмоўца «Вясны» Тацяна зь Менску — былая ўдзельніца аднаго з раённых чатаў, прызнаных экстрэмісцкім. Зь Беларусі жанчыне ўдалося зьехаць дзякуючы таму, што яна пасьпела выдаліць з прыладаў зьвесткі, якія цікавілі супрацоўнікаў КДБ, і сьледчым не хапіла доказаў, каб адразу яе арыштаваць, але ў «справе дваровых чатаў» яна фігуруе. Тацяна ў сваім аповЕдзе адзначыла асаблівасьці яе затрыманьня супрацоўнікамі КДБ — напярэдадні ў яе зьнік інтэрнэт.
Але сяброўкі ўжо папярэдзілі Тацяну аб небясьпецы, таму яна пасьпела зрабіць захады:
«А 6-й раніцы мне пачалі грукаць у дзьверы. Прыкладна гадзіну я ім не адчыняла, бо разумела, навошта прыйшлі. За некалькі дзён да гэтага мяне папярэдзілі, што ідуць затрыманьні і трэба рыхтавацца. І гэтую гадзіну я ўсё чысьціла, хавала. Як адчыніла дзьверы, мяне паклалі тварам на падлогу. Зайшлі чатыры чалавекі: два кадэбісты ў цывільным і два сьведкі ад іх. Правялі ператрус, усю хату дагары нагамі перавярнулі, усё скінулі на падлогу. Потым правялі ператрус у машыне. Забралі некалькі флэшак і тэлефоны і пасьля павезьлі ў КДБ».
Допыт
Допыт у КДБ цягнуўся да пятай вечара. За гэты час жанчына нічога ня ела і ня піла, у туалет яе вывелі толькі аднойчы. Супрацоўнікі пільна правяралі тэлефон Тацяны, іх цікавілі яе паездкі за мяжу, чаму ў яе была шэнгенская віза, а найбольш дзейнасьць дваровых суполак, якія незадоўга да затрыманьняў былі прызнаныя «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Падчас допыту жанчына зразумела, што пра яе ведаюць «амаль усё», але яна ўсё адмаўляла.
«Мне пра маю актыўнасьць расказалі ўсё, што толькі магчыма, — і гэта было праўдай. І тое, што я дапамагаю палітвязьням, іхным семʼям, хлопчыку з інваліднасьцю і іншыя рэчы. Потым была гульня ў злога і добрага паліцыянтаў», — згадала Тацяна.
На Акрэсьціна
Больш пра «справу дваровых чатаў» Тацяна даведалася ў ізалятары на Акрэсьціна, дзе адбывала 10 содняў «за непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі» падчас затрыманьня — нібыта «чаплялася за вопратку міліцыянта».
На Акрэсьціна жанчына даведалася, што ў межах «справы дваровых чатаў» некаторых затрымалі адразу па вяртаньні ў Беларусь, а па іншых прыходзілі дадому цягам наступных дзён.
Падчас адміністрацыйнага арышту да Тацяны прыходзілі супрацоўнікі КДБ.
«Называлі мне людзей, але я казала, што нікога і нічога ня ведаю. Быў вельмі жорсткі допыт, які вельмі доўга цягнуўся. Пагражалі расстрэлам. Казалі, што будуць катаваць і біць да паўсьмерці. Пагражалі адправіць у карцар і не даваць спаць. У канцы я проста адмовілася сьведчыць супраць сябе (арт. 27 Канстытуцыі). Яны адразу замоўклі, а ў пратаколе допыту пазначылі выключна толькі маю адмову сьведчыць».
Пасьля сканчэньня тэрміну арышту на Акрэсьціна супрацоўнікі КДБ зноў забралі Тацяну і павезьлі на допыт у Сьледчы камітэт.
Допыт у Сьледчым камітэце
Тацяна расказвае, што перад допытам у Сьледчым камітэце ёй учынілі вобшук з разьдзяваньнем дагала, хаця на той момант ёй яшчэ не выставілі абвінавачаньня.
«Потым супрацоўнікі правялі апытанку: ці ведаю я лідэраў пратэставага руху, ці сустракалася зь імі, што рабіла ў Літве, ці хадзіла на канцэрты, у музэі, на грамадзкія імпрэзы, ці ўдзельнічала ў пратэстах у 2020-м. У гэтай анкеце было, напэўна, пытаньняў 40. Я ад усяго адмаўлялася», — апавяла Тацяна.
У СК Тацьцяну перавялі ў статус падазраванай у крымінальнай справе паводле арт. 357 КК ( «змова з мэтай захопу ўлады») і зноў павезьлі ў турму на Акрэсьціна, чакаць выстаўленьня абвінавачаньня. У дакумэнце з інфармацыяй пра завядзеньне крымінальнай справы жанчына ўбачыла падрабязнасьці «справы дваровых чатаў».
«Там быў пералік прозьвішчаў. Нібыта прыкладна з пачатку 2022 году актывісты, якія зьехалі за мяжу, стварылі арганізацыю „Пачатак“, яны зьбіралі беларускія суполкі ўнутры краіны і нібыта праводзілі навучаньне, разьмяркоўвалі ролі на выпадак, калі адбудзецца пераварот ці рэвалюцыя, і гэтыя людзі мусілі заняць пэўныя пасады», — згадала Тацьцяна. Яна бачыла пазнаку, што на той момант было вядома пра 17 дваровых суполак і іх кіраўніцтва, якія нібыта плянавалі дзяржаўны пераварот, — сказала Тацьцяна праваабаронцам «Вясны».
Гэтым разам у ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна Тацяна даведалася, што некаторым з тых, каго там трымалі, таксама выставілі падобнае абвінавачаньне ў «змове з мэтай захопу ўлады» і перавялі ў менскае СІЗА. Жанчына не выключала, што гэтак будзе і зь ёю, але пашанцавала.
Падпіска аб нявыезьдзе і эміграцыя
«Па заканчэньні 10 дзён мяне выклікалі да сьледчага і яшчэ нейкіх двух мужчын. Мне сказалі, што мяне выпускаюць дамоў з падпіскай аб нявыезьдзе. Яны папярэдзілі, што супрацоўнікі КДБ яшчэ раз прыедуць да мяне дадому, каб паразмаўляць. Мы селі ў машыну і паехалі. Мне было страшна, бо я думала, што мяне не адпусьцяць», — згадала Тацьцяна момант вызваленьня.
Паводле жанчыны, у той дзень ёй не аддалі пашпарт. Таму давялося зноў ехаць у СК. Ад сьледчага яна пачула прапанову супрацоўнічаць і зразумела, што ад яе не адчэпяцца.
«Мы зайшлі ў кабінэт, ён аддаў пашпарт і золата, а тэлефоны аддасьць пазьней КДБ. Там была такая прафіляктычная размова: маўляў, вы ж разумееце, што людзі, якія сядзяць (у гэтай справе), пачынаюць даваць паказаньні, вам таксама трэба расказаць».
Неўзабаве пасьля гэтай размовы, асьцерагаючыся крымінальнага перасьледуя, Тацьцяна мусіла зьехаць з краіны.
Форум