Пра спробу выставіць зьнішчэньне старых могілак злачынствам нацыстаў гаворыць тое, што ўлады прымеркавалі адкрыцьцё ляпідарыя да 81-й гадавіны вызваленьня Берасьця ад нацыстаў, піша «Наша Ніва».
Могілкі заклалі ў 1835 годзе, калі гэтая мясцовасьць ляжала далёка ад рысы Берасьця. За часы існавання кладоў тут былі пахаваныя дзясяткі тысяч людзей: у Берасьці габрэі доўгі час складалі ад чвэрці да паловы насельніцтва.
У гады ІІ усясьветнай вайны могілкі былі апаганеныя нацыстамі. Пасьля вайны, калі Савецкі саюз вярнуў кантроль над Берасьцем, могілкі зьнішчылі. На іх месцы збудавалі стадыён «Лякаматыў». Пры гэтым мацэвы выкарысталі як будаўнічы матэрыял.
Доўга вяліся размовы пра тое, што ў горадзе аддадуць пашану габрэйскай спадчыне. Цяпер тут нарэшце разьмясьцілі ляпідарый. На ўваходзе — шыльдачкі на чатырох мовах: беларускай, расейскай, ангельскай і іўрыце.
«Ляпідарый— гэта праект, які адчыняе дзьверы ў маўклівы, але прамовісты сьвет. Лёс людзей, якія стаяць за гэтымі камянямі, пераплятаецца з гісторыяй Берасьця. На жаль, нацысты зьнішчылі габрэйскую супольнасьць, апаганеныя могілкі. Памяць пра продкаў была фактычна растаптаная. Ляпідарый такога маштабу— першы ў Беларусі. Гэты праект— увасабленьне міжнароднай супрацы», — цытуе старшыню Габрэйскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі Артура Ліўшыца агенцтва БелТА.
На тэрыторыі ляпідарыю паставілі больш за 1200 надмагільных камянёў. А ягоныя сьцены сымбалізуюць абдымкі.
Форум