У другім квартале 2025 году выкрадзеныя махлярамі ў беларускіх грамадзян грошы часьцей за ўсё пераводзіліся на рахункі расейскіх банкаў — 47,2% ад усіх транзакцый, паведаміла старшая сьледчая па асабліва важных справах Галоўнага ўпраўленьня лічбавага разьвіцьця Сьледчага камітэту Тацьцяна Шаюк на прэс-канфэрэнцыі ў Менску 24 ліпеня.
Паводле яе, у пяцёрку таксама ўваходзяць фінансава-крэдытныя ўстановы Славаччыны і Ўзбэкістану — па 5,9 працэнта, Таджыкістану — 5,8 працэнта і Кіргізстану — 5,6 працэнта.
Прадстаўніца СК, якую цытуе «Позірк», расказала, што цяпер зламысьнікі ня толькі пагражаюць інфармацыяй пра нібыта распачатую крымінальную справу або спробамі вывесьці грошы з рахунку, але і «выкарыстоўваюць у сваіх схемах штодзённыя сцэнары».
«Напрыклад, яны паведамляюць, што вам неабходна падоўжыць дамову з мабільным апэратарам, усталяваць новую вэрсію мабільнай аплікацыі або перавесьці зьберажэньні на страхавы (рэзэрвовы, бясьпечны) рахунак», — сказала Шаюк. Яна адзначыла, што ашуканцы працягваюць рассылаць прывабныя прапановы аб атрыманьні бонусаў, пасылак або зьніжак на тавары.
Паводле прадстаўніцы СК, часта зламысьнікі ў сваёй дзейнасьці прыкрываюцца вядомымі ў Беларусі брэндамі, такімі, як «Альфа-Банк», «Белаграпрамбанк», «Беларусьнафта» і «Белтрансгаз». Афэрысты з фэйкавых акаўнтаў таксама часта выкарыстоўваюць папулярныя пляцоўкі — сайт аб’яў «Куфар», сацсетку «Інстаграм», іншыя гандлёвыя плятформы. Іх мэта — атрымаць ад патэнцыйнай ахвяры перадаплату, патлумачыла Шаюк.
Форум