У Расеі аб’явілі вышук чатырох зь пяці грамадзян, залічаных МУС Беларусі ў «экстрэмісцкае фармаваньне» — інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Як вынікае з праведзенай «Позіркам» праверкі, у базу «Вышук» на сайце МУС Расеі ўключаныя палітычныя аналітыкі Аляксандр Класкоўскі, Пётра Рудкоўскі і Аляксандар Фрыдман (апошні чвэрць стагодзьдзя жыве ў Нямеччыне), а таксама журналістка Тацяна Каравянкова, якая раней сама паведаміла пра гэта.
Пятра Рудкоўскага ўнесьлі ў базу ў расейскую базу ў лютым 2024 году.
Аляксандр Класкоўскі, камэнтуючы навіну, сказаў Свабодзе, што для яго ня стала нечаканасьцю ўнясеньне ў базу вышуку ў Расеі, бо ён «ведаў пра сваё знаходжаньне ў базе экстрэмістаў у Беларусі, а беларускія МУС шчыльна супрацоўнічае з калегамі ў Расеі, таму варта было чакаць і такога кроку».
Зьмяшэньне ягонага імя ў расейскую базу «Вышук» Аляксандр Класкоўскі пракамэнтаваў жартам:
«Як пажартаваў адзін калега, дадаткова пазбавяць магчымасьці „наведаць маўзалей Леніна“. Але для мяне гэта невялікая страта. Калі ж сур’ёзна, дык гэта — прыкрая і абсурдная сытуацыя. Як іншыя супрацоўнікі БелаПАН мы сталі экстрэмістамі па волі беларукага рэжыму ў 2020 годзе, хаця працавалі паводле тых жа нормаў, якія існавалі да таго часу. І будзем працаваць далей — інфармаваць пра падзеі і аналізаваць падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі», — сказаў Аляксандр Класкоўскі.
Сілавыя структуры Беларусі — МУС і КДБ — у барацьбе з іншадумствам і для ўскладненьня людзям доступу да альтэрнатыўных крыніц інфармацыі надаюць рэдакцыям незалежных СМІ, якія вымушана працуюць у выгнаньні, статус «экстрэмісцкіх», крыміналізуючы іх дзейнасьць. «Позірк» прызналі такім 19 сьнежня 2024 году. Інфармацыйнае агенцтва стварыла частка былых супрацоўнікаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, якая працавала ў Беларусі 30 гадоў, а ў лістападзе 2021 году прызнаная «экстрэмісцкім фармаваньнем» паводле рашэньня КДБ.
У сьпісе «экстрэмісцкіх фармаваньняў» (уключаючы «дапаўненьні») на 23 ліпеня 2025 году было 300 пазыцыяў, у тым ліку больш за 40 мэдыя розных тыпаў, а таксама Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум