Як паведамляе katolik.life, у каталіцкім Нацыянальным санктуарыі ў Будславе 21 ліпеня пачалі новы этап раскопак з удзелам валянтэраў.
Кусташ санктуарыя ксёндз Дзьмітры Дубовік па выніках першага дня працы распавёў пра галоўную знаходку: вугал старога касьцёла. Мяркуецца, што тут таксама была касьцёльная вежа.
Як паведамляе выданьне, у далейшым плянуецца пракласьці шурф уздоўж усёй сьцяны фасаду старога касьцёла, магчыма, атрымаецца знайсьці ўваход у былы храм і ягоную крыпту. Жадаючых запрашаюць далучацца да раскопак.
Гэтыя працы праходзяць паралельна з рэканструкцыяй і рэстаўрацыяй дзейнага касьцёла, які пацярпеў ад пажару ў 2021 годзе. Архітэктурныя і археалягічныя дасьледаваньні праводзяцца з мэтай аднавіць увесь вялікі комплекс будслаўскага кляштара бэрнардынцаў.
У будучыні гэта дазволіць стварыць у Будславе агульнабеларускі «духоўны цэнтар» — такую ідэю раней агучылі ўлады Беларусі.
Касьцёл у Будславе — помнік позьняга барока, яго архітэктура прызнаная ўнікальнай на землях усёй былой Рэчы Паспалітай. Абраз Будслаўскай Божай Маці — адна з самых значных каталіцкіх сьвятынь, яе шануюць як абаронцу ўсіх беларускіх каталікоў.
Сёлета ў ліпені адбыўся Будслаўскі фэст. У Будслаў на яго традыцыйна ходзяць у пілігрымку хрысьціянскія вернікі з розных гарадоў і мястэчак.
Форум