Ведамства не ўдакладняе, унікальная гэта ці агульная колькасьць перасячэньняў мяжы. Напрыклад, Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы летась паведамляла, што за жнівень 7.358 суграмадзян перасяклі літоўска-беларускую мяжу больш за 10 тыс. разоў, гэта значыць некаторыя — больш за адзін раз.
Дзяржпагранкамітэт адзначае, што большасьць «бязьвізавых гасьцей» прыяжджае ў Беларусь з боку Літвы.
«Праз наш пункт пропуску за год пашыранага бязьвізу ў Беларусь накіравалася каля 70 тысяч грамадзян, — цытуе ведамства намесьніцу начальніка аддзяленьня памежнага кантролю пагранпераходу Каменны Лог Ганну Берташ. — Сярод іх былі прадстаўнікі Літвы, Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Вялікабрытаніі, Італіі, Германіі і іншых краін».
Больш чым за тры гады, якія мінулі з увядзеньня бязвізу для грамадзян суседніх краін ЭЗ, Беларусь, паводле дадзеных Дзяржпагранкамітэта, наведала сама меней 1 млн 153 тыс. эўрапейцаў.
«Беларусь застаецца адкрытай для грамадзян, якія хочуць асабіста пазнаёміцца з гісторыяй, культурай і традыцыямі нашай краіны. Колькасьць бязьвізавых гасьцей з эўрапейскіх дзяржаў пацьвярджае цікавасьць замежнікаў да Беларусі і садзейнічае ўмацаваньню сувязей паміж народамі», — сьцьвярджае ведамства.
Пры гэтым улады суседніх дзяржаў ЭЗ заклікаюць сваіх суайчыньнікаў устрымацца ад наведваньня Беларусі з меркаваньняў бясьпекі.
Інфармацыйнае агенцтва «Позірк» адзначае, што большасьць эўрапейцаў, якія наведалі Беларусь за апошнія 12 месяцаў, — гэта прадстаўнікі суседніх краін. На пачатку гэтага тыдня Дзяржпагранкамітэт адсправаздачыўся, што з 19 ліпеня 2024 года беларускую мяжу апрача прадстаўнікоў суседніх краін ЭЗ перасяклі 35.394 чалавекі з пашыранага сьпісу.
Бязьвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязьвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Эўропы.
Гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бэльгіі, Баўгарыі, Босьніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Вугоршчыны, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірляндыі, Ісьляндыі, Гішпаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксэмбурга, Мальты, Манака, Нідэрляндаў, Нарвэгіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швайцарыі, Швэцыі і Эстоніі. Большасьць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць «недружалюбнымі» за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.
Бязьвіз для жыхароў 38 эўрапейскіх краін дзейнічае да канца 2025-га, аднак, хутчэй за ўсё, будзе падоўжаны, як гэта ўжо адбывалася.
Форум