«Больш за 40 беларускіх журналістаў па-ранейшаму за кратамі за сваю прафэсійную дзейнасьць і актыўную жыцьцёвую пазыцыю. Гэты роварны прабег — напамін пра іх лёсы і сыгнал, што мы будзем і далей змагацца за іх вызваленьне», — сказаў напачатку акцыі адзін зь яе арганізатараў, праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка.
За 20 гадоў, цягам якіх Судаленка езьдзіць на спартовым ровары, значны перапынак ў гэтым занятку ў яго быў толькі аднойчы — калі 2,5 году сядзеў за кратамі за праваабарончую дзейнасьць.
«Марыў, як выйду, сяду на свой ровар і зноў буду ганяць на дарогах Гомельшчыны, але пакуль не атрымліваецца. Толькі пакуль», — кажа Леанід.
Фінская журналістка Інгрыд Сванфэльд адмыслова прыехала з Хэльсынкі ў Вільню, каб удзельнічаць у акцыі салідарнасьці з беларускімі калегамі, якія сядзяць у турмах. Двух беларускіх палітвязьняў-журналістаў Інгрыд ведае асабіста. З Ларысай Шчыраковай яна пазнаёмілася на сэмінары ў Нарвэгіі, у Яўгена Меркіса брала інтэрвію праз тэлефон.
«Мяркую, Ларыса ведае, што сёньня я тут на роварным прабегу. Мы дамаўляліся, што кожны аўторак я буду зь ёю размаўляць онлайн, і мне вельмі баліць, што яе няма тут з намі. Але гэта не назаўсёды, веру, што яны ўсе будуць на волі», — упэўненая Інгрыд Сванфэльд.
ІТ-спэцыялістка Марыя прыйшла на роварны прабег, абуўшы прыгожыя басаножкі. «Нічога, я ў Менску гэтак на працу езьдзіла!» — не зважае беларуска на складанасьці язды па брукаванках літоўскай сталіцы. Дзяўчына спадзяецца, што ў рэшце рэшт вернецца ў родны Менск, і не баіцца ўдзельнічаць у акцыі салідарнасьці.
Больш асьцярожны будаўнік Зьміцер, які ня стаў называць сваё прозьвішча і горад, адкуль зьехаў. У Беларусі ў Зьмітра сям’я, зь дзецьмі ён вымушаны кантактаваць празь відэасувязь.
«Што да салідарнасьці — гэта сьвятое, трэба сваіх падтрымліваць», — упэўнены раварыст Зьміцер.
Зь ім салідарны былы працаўнік радыё Максім, які дзеля бясьпекі схаваў твар пад маскай. У Максіма яшчэ адна прычына ўдзельнічаць у роварным прабегу — пару месяцаў таму ў доме, дзе ён жыве, скралі ягоны ровар.
«Паліцыя разводзіць рукамі: злодзея знайсьці ня могуць, бо, як назло, відаэкамеры ў месцы злачынства не працавалі», — пасьміхаецца суразмоўца.
Максім зьбірае грошы на новы ровар, а пакуль, дзеля салідарнасьці і каб ня страціць спартовую форму, прыехаў на акцыю.
Па вуліцах Вільні ўдзельнікі прабегу накруцілі ня менш за 10 кілямэтраў, частку зь іх у парку Закрэт (Vingis), дзе ў суботні дзень шмат наведнікаў.
«Некаторых зацікавілі нашы чырвоныя майкі з партрэтамі палітвязьняў. Расказвалі, што адбываецца ў Беларусі з свабодай слова, дык тыя літоўцы, якія пра гэта нічога ня ведалі, былі ў шоку. Цяпер ведаюць», — расказала ўдзельніца прабегу Натальля.
Перад стартам удзельнікаў вітала беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская, а яе дарадца Дзяніс Кучынскі атрымаў у часовае карыстаньне ровар і далучыўся да прабегу.
Форум