«Сілавы сцэнар канфлікту нясе сур’ёзную пагрозу для рэгіянальнай стабільнасьці і бясьпекі, рызыкі гуманітарнай катастрофы і можа мець непрадказальныя глябальныя наступствы», — адзначаецца ў адмысловай заяве МЗС Беларусі.
У замежнапалітычным ведамстве Беларусі заклікалі ўсе бакі да «стрыманасьці, адказнасьці і недапушчэньня дзеяньняў, якія могуць нэгатыўна паўплываць на палітыка-дыпляматычныя намаганьні міжнароднай супольнасьці, скіраваныя на комплекснае ўрэгуляваньня сытуацыі на Блізкім Усходзе».
Беларускія дыпляматы настойліва рэкамэндавалі грамадзянам Беларусі пры плянаваньні паездак у краіны, што ўваходзяць у зону канфлікту, сачыць за афіцыйнымі паведамленьнямі авіяцыйных уладаў пра магчымыя абмежаваньні выкарыстаньня паветранай прасторы і прыпыненьне працы аэрапортаў.
«Грамадзянаў Беларусі, якія знаходзяцца ў рэгіёне, заклікаем строга выконваць меры бясьпекі і кіравацца рэкамэндацыямі ўладаў краіны знаходжаньня», — адзначаецца ў заяве МЗС Беларусі.
Ізраіль 13 чэрвеня нанёс па ядзерных аб’ектах і вайсковых базах Ірану ўдары, назваўшы іх «прэвэнтыўнымі», а іх мэту — ня даць Ірану стварыць уласную ядзерную зброю. Іран у сваю чаргу паабяцаў удары ў адказ.
Форум