Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адбыўся чарговы этап вялікага абмену паміж Украінай і Расеяй. Беларусаў сярод палонных не было

абноўлена

Вызваленыя з расейскага палону ўкраінскія вайскоўцы, 12 чэрвеня 2025
Вызваленыя з расейскага палону ўкраінскія вайскоўцы, 12 чэрвеня 2025

У Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі паведамілі аб правядзеньні чарговага этапу абмену ў фармаце «ўсе на ўсіх», аб якім бакі дамовіліся на перамовах у Турэччыне ў пачатку чэрвеня.

Як адзначаецца ў паведамленьні, з расейскага палону вызваленыя цяжкапараненыя і цяжкахворыя вайскоўцы. Аб колькасьці вызваленых не паведамляюць «у мэтах бясьпекі».

Сярод вызваленых, у тым ліку, абаронцы Марыюпалю, якія былі ў палоне больш за тры гады. Частку перададзеных Расеяй украінскіх вайскоўцаў дагэтуль лічылі зьніклымі бязь вестак.

Міністэрства абароны Расеі пацьвердзіла абмен. Там адзначылі, што ў гэтым момант расейскія вайскоўцы перабываюць на тэрыторыі Беларусі, дзе ім надаюць мэдычную і псыхалягічную дапамогу.

Усе расейскія вайскоўцы, вернутыя з палону, пасьля Беларусі будуць перавезеныя ў Расею, дзе будуць праходзіць лячэньне і рэабілітацыю ў адпаведных установах.

2 чэрвеня ў Стамбуле дэлегацыі Ўкраіны і Расеі дамовіліся аб новых абменах палоннымі. Як паведаміў міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў, ёсьць дамоўленасьць засяродзіцца на канкрэтных катэгорыях, а не на лічбах: на абмене «ўсіх на ўсіх» цяжка параненых і цяжка хворых ваеннапалонных, другая катэгорыя — гэта маладыя салдаты ўзростам ад 18 да 25 гадоў. Таксама была дамоўленасьць аб вяртаньні 6000 целаў загінулых салдатаў.

Абмен палоннымі цяпер адбываецца на мяжы Беларусі і Ўкраіны.

11 чэрвеня Ўкраіна і Расея абмяняліся целамі загінулых у баях вайскоўцаў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG