Сьцісла:
- За некалькі гадоў колькасьць працоўных мігрантаў у Беларусі вырасла ўтрая.
- Прэтэнзія да нізкай прадукцыйнасьці працы беларусаў — уладам трэба ў люстэрка на сябе паглядзець.
- Калі чалавек хоча паехаць кудысьці працаваць, ён знойдзе месца больш прыдатнае, чым Беларусь.
- Да канца лета мы дакладна перастанем бачыць рост рэальных даходаў і, магчыма, убачым іх зьніжэньне.
— Заява Лукашэнкі пра магчымасьць запрасіць у Беларусь 150 тысяч працоўных мігрантаў з Пакістану ў красавіку моцна ўзрушыла беларусаў. Выглядае, аднак, што гэта ня жарт, ня толькі прамацваньне рэакцыі грамадзтва, а цалкам сур’ёзны намер. Бо сытуацыя на рынку працы такая, што няма іншага выйсьця?
— Так, яны насамрэч займаюцца гэтым ужо даволі даўно, актыўна спрабуюць прыцягнуць якіх-небудзь мігрантаў мінімум ужо зь мінулага году. Лукашэнка, як мы ведаем, можа казаць шмат усякага, але ўлады ўжо рабілі зусім выразныя, канкрэтныя дзеяньні, шукалі працоўныя рэсурсы ў краінах Цэнтральнай Азіі, спрабавалі адпраўляць рэкрутэраў у Віетнам і шукаць працоўныя рэсурсы там.
Аднак праблема ў тым, што Беларусі няма чаго прапанаваць гэтым працоўным імігрантам. Нават беларускія сярэднія заробкі, якія істотна вырасьлі ў далярах апошнім часам і паводле апошніх зьвестак складаюць 870 даляраў, — гэтага ўсё роўна мала. У Расеі, Казахстане, Армэніі, Малдове заробкі вышэйшыя. Ужо маўчу пра заходнія краіны. Пакістанцу прасьцей паехаць працаваць у Брытанію, бо ангельскую мову ён ведае, і атрымліваць там нашмат больш грошай.
— Вы кажаце, што ўлады Беларусі даўно шукаюць працоўных мігрантаў. Ці пацьвярджаецца гэта статыстыкай?
— За мінулы год колькасьць мігрантаў, якія працуюць у Беларусі, вырасла ў паўтара раза. За некалькі гадоў колькасьць мігрантаў, якія працуюць у Беларусі, вырасла ўтрая. Але трэба ведаць адну рэч — агулам усіх працоўных мігрантаў у краіне каля 30 тысячаў. Гэта ўсе грамадзяне іншых краінаў, у тым ліку і Расеі, працаўладкаваныя ў Беларусі.
Гэта вельмі малая лічба, менш за адзін працэнт ад агульнай колькасьці занятых у беларускай эканоміцы (звыш 4 мільёнаў).
— Іншы варыянт, як справіцца з крызісам працоўнай сілы, — паспрабаваць вярнуць тыя сотні тысячаў беларусаў, што мусілі пакінуць краіну пасьля 2020 году.
— Відавочна, улада вырашыла, што гэта для яе больш небясьпечна. Мы ж ня можам успрымаць «камісію па вяртаньні» як сур’ёзную спробу вярнуць людзей у Беларусь.
Так што адказ тут вельмі просты — для іх стабільнасьць сваёй улады важнейшая за ўсё астатняе. Лукашэнка баіцца людзей, якія зьехалі, і адказ, чаму ўлады ў гэтым пытаньні нічога ня робяць, просты. Бо каб вярнуць людзей, не камісію трэба ствараць, трэба мяняць умовы ў Беларусі. Ідзецца не пра заробкі, вядома, а пра палітычныя і сацыяльныя ўмовы.
— Апошнім часам Лукашэнка ўжо два разы выказваўся ў тым сэнсе, што каб не запрашаць мігрантаў, беларусам трэба працаваць удвая-ўтрая лепей, мець у разы большую прадукцыйнасьць працы.
— Гэтае выказваньне Лукашэнкі недарэчнае зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, няпраўда, што беларусы працуюць менш за эўрапейцаў. Працягласьць працоўнага тыдня ў Беларусі — 40 гадзін, а многія, як, напрыклад, мэдыкі, працуюць нашмат болей. У Нідэрляндах працоўны тыдзень — 29 гадзін, у Даніі 32 гадзіны, у Нарвэгіі, Германіі й Швайцарыі — 34 гадзіны. У сярэднім жыхар краіны Эўразьвязу працуе 36 гадзін на тыдзень. Эўрапейскія дактары не працуюць на паўтары стаўкі і з начнымі дзяжурствамі, як гэта робяць беларускія дактары. І гэта тычыцца ўсіх беларусаў.
Другі недарэчны бок гэтай ідэі — што калі людзі будуць працаваць даўжэй, то ад гэтага вырасьце прадукцыйнасьць працы. Прадукцыйнасьць працы — гэта колькі вырабляецца прадукту за адзінку часу. Калі вы проста працуеце больш, ад гэтага прадукцыйнасьць працы не вырастае. Калі вы будзеце працаваць ня 8 гадзін, а 16, то будзе вырабляцца больш прадукту, але прадукцыйнасьць працы не мяняецца.
Прэтэнзія да нізкай прадукцыйнасьці працы беларусаў — тут уладам трэба ў люстэрка на сябе паглядзець. Бо гэта прэтэнзія да ўладаў. Прадукцыйнасьць працы можна павысіць толькі шляхам тэхналягічных навацыяў, рэформаў, інвэстыцыяў. Гэта тое, што павінны зрабіць улады, а не звычайныя беларусы.
— Зыходзячы з усяго гэтага, ці можна сказаць, што курс на залучэньне працоўнай міграцыі ў Беларусь будзе працягвацца?
— Пакуль што ўладам цяжка знайсьці таго, хто хоча сюды прыехаць, але пэўную колькасьць людзей яны, вядома, знойдуць. Была цудоўная гісторыя, калі кіраўнік Гомельскай вобласьці расказваў Лукашэнку, як у яго працуюць 10 нейкіх працоўных мігрантаў, ён ім плаціць па 3 тысячы беларускіх рублёў.
Беларусам на гэтай рабочай спэцыяльнасьці ў Гомельскай вобласьці столькі ня плацяць. То бок яны могуць прывабіць нейкую колькасьць мігрантаў, стварыць такую «пацёмкінскую вёску», плаціць ім заробак вышэйшы, чым беларусам. І паказваць, што, глядзіце, вось мы прывабілі працоўных мігрантаў, яны ў нас выдатна працуюць. Ня тое што вы, лянівыя, убогія беларусы. Улады ж увесь час любяць паўтараць пра лянівых беларусаў.
Але гэтага нельга зрабіць масава, гэты досьвед немагчыма маштабаваць. Ты можаш прыцягнуць дзесяць, дваццаць, сто мігрантаў — і плаціць ім падвышаны заробак. Але ты ня можаш усім столькі плаціць — нашаму рынку працы патрэбныя дзьвесьце тысяч чалавек.
На заробак, які плацяць беларусам, масава мігранты сюды не паедуць. Васямсот семдзесят даляраў сярэдняга заробку — гэта мала. На працоўных спэцыяльнасьцях, куды клічуць мігрантаў, ім прапануюць сямсот-васямсот даляраў. Гэта ня тыя грошы, якія масава прывабяць мігрантаў. Калі чалавек хоча паехаць кудысьці працаваць, ён знойдзе месца больш прыдатнае, чым Беларусь. Асабліва гэта датычыцца пакістанцаў, якія вольна валодаюць ангельскай мовай.
Таму я вельмі сумняваюся наконт вялікага наплыву працоўных мігрантаў у Беларусь. Ніякай праблемы яны такім чынам ня вырашаць. Можна ўзгадаць, як улады хапаліся за розныя рашэньні. Спрабавалі прыцягнуць пэнсіянэраў да працы, калі пэнсіянэрам, што працуюць, скасавалі абмежаваньні на выплату пэнсіі. Гэта, дарэчы, была адзіная з больш-менш рэальных ідэяў, якая часткова дала плён — нейкі час быў невялікі прырост колькасьці занятых у эканоміцы.
Але нават гэтая разумная ідэя не дазволіла закрыць дэфіцыт кадраў. Мы ж бачым, што цяпер у Беларусі 210 тысяч вольных вакансій. А ўсе астатнія ідэі былі бязглуздыя. Асабліва змаганьне з тымі, каго яны называюць дармаедамі.
Цяпер — спроба прывабіць мігрантаў. У прынцыпе ідэя нармальная, проста прапанаваць гэтым мігрантам няма чаго.
— 2024 год быў рэкордным за шмат гадоў у сэнсе росту рэальнага заробку. Менавіта з прычыны дэфіцыту працоўных рэсурсаў заробак падвышалі і дзяржава, і прыватны бізнэс. Ці вычарпаны гэты рэсурс цяпер?
— Тэмпы росту заробкаў запавольваюцца. За красавік было 10,4 працэнта ў параўнаньні з красавіком мінулага году (а ў сакавіку 11,8%. — РС).
Мы бачым, што ў Расеі дакладна такая ж праблема, як і ў Беларусі. Можна казаць, што беларускія праблемы паўтараюць расейскія, і беларуская эканоміка проста рэагуе зь невялікім адставаньнем. Дык вось у Расеі якраз у сакавіку–красавіку рост заробкаў ужо спыніўся, бо рэсурсы на гэта вычарпаліся. Прычым нават у абаронным сэктары.
Як я разумею, у Беларусі гэтыя рэзэрвы і магчымасьці таксама ўжо падыходзяць да канца. Таму, зважаючы на паскарэньне інфляцыі, думаю, што ўжо да канца лета мы дакладна перастанем бачыць рост рэальных даходаў і, магчыма, убачым іх зьніжэньне.
Форум