«Няхай вырабляюць, прадаюць і жывуць. Не — да пабачэньня. Колькі можна дапамагаць? Яны ж фактычна вісяць на плячах дзяржавы. А за што даваць грошы?» — заявіў ён.
Як паведаміла прэс-служба Лукашэнкі, «працэс кінавытворчасьці і вылучэньне на гэта сродкаў» ён патрабуе «жалезна браць на кантроль».
На нарадзе аб разьвіцьці галіны, якая адбылася падчас наведваньня Лукашэнкам студыі, ён заявіў, што «дзяржавай створаныя ўмовы для разьвіцьця айчыннага кінэматографу і, у прыватнасьці, „Беларусьфільму“, але аддача пакуль ня тое каб нулявая, а ніжэйшая за нуль».
«Глядзець проста няма чаго! — абураўся Лукашэнка. — Канчаткова страчаны сямейная, юнацкая і дзіцячая аўдыторыі».
Віцэ-прэм’ер Натальля Пяткевіч ускладае вялікія надзеі на новае кіраўніцтва Міністэрства культуры і «Беларусьфільму» ў адраджэньні кіно. У сёньняшнім выглядзе кінавытворчасьць проста не патрэбная, лічыць яна.
«У тым стане, у якім зараз кіно, агулам кажучы, яно нам ня трэба. Бо мы яго ня бачым. Яго няма ў істоце. Але ёсьць вельмі вялікія надзеі, што новае кіраўніцтва (прызначаны нядаўна новы кіраўнік кінастудыі „Беларусьфільм“), новы міністар культуры, які ведае і разумее кіно... Яны маюць жаданьне нешта рабіць. Вельмі хочацца, каб мы ўсе, грамадзяне Беларусі, атрымалі нашае, беларускае кіно», — сказала яна.
У сьнежні Міністэрства культуры ўзначаліў Руслан Чарнецкі, а ў сакавіку сёлета ў «Беларусьфільм» на пасаду генэральнага дырэктара прыйшоў намесьнік начальніка ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму Дзьмітры Сямёнаў. Дагэтуль ад 2023 году студыяй кіраваў Юры Аляксей.
Міністар культуры Руслан Чарнецкі адрапартаваў, што неабходныя пераўтварэньні ўжо вядуцца, яны пачаліся з кадраў, ідзе набор каманды, паколькі многія кінэматаграфісты раней разьехаліся ва ўмовах спаду айчыннай вытворчасьці. «Мы іх вернем. Ужо пачалі», — сказаў ён.
Паводле яго, цяпер ідзе перабудова тэматычнага плянаваньня. За год плянуецца ствараць адзін буйны праект — гістарычны, ваенны або на патрыятычную тэму. І яшчэ 4-5 малабюджэтных праектаў папулярных жанраў з кароткім, да году, тэрмінам вытворчасьці. Адродзяць вытворчасьць малабюджэтных сэрыялаў на замову беларускіх тэлеканалаў, арганізуюць супрацу з IT-кампаніямі ў стварэньні фільмаў з выкарыстаньнем штучнага інтэлекту.
Кіраўнік «Беларусьфільму» Дзьмітры Сямёнаў таксама падзяліўся сваімі плянамі.
«Падыход да кінавытворчасьці будзе мяняцца. Мы будзем абапірацца на тое кіно, якое сёньня запатрабавана. Безумоўна, мы працуем у цесным узаемадзеяньні з кінатэатрамі нашай краіны. Маем зваротную сувязь і пэўны заказ ад іх. Таксама мы плянуем запусьціць на базе кінастудыі выпуск сэрыяльнай вытворчасьці», — сказаў ён.
- Разносы «Беларусьфільму» Лукашэнка робіць не ўпершыню, паўтараючы прэтэнзіі амаль даслоўна. Ён іх выказваў у ліпені 2023 году, узгадняючы кандыдатуру Юрыя Аляксея на пасаду генэральнага дырэктара «Беларусьфільму». У сьнежні 2024 году Лукашэнка зноў раскрытыкаваў стан айчыннага кінэматографу: «Проста ганьба!».
Форум