Прэс-сакратар кампаніі Norwegian паведаміў нарвэскаму выданьню NRK, што празь неапазнаны бесьпілётнік вымушаны быў вярнуцца ў аэрапорт самалёт рэйсам з Осла ў Бардыфос. Самалёт вярнуўся ў 20:47 мясцовага часу. Але ўжо а 21:15 зь лётнішча вылецеў іншы борт.
Аэрапорт Бардыфос у акрузе Трумс праз гэтую небясьпеку закрывалі. У Бардыфосе знаходзіцца найбуйнейшы ў Паўночнай Нарвэгіі вайсковы лягер.
Раней у нядзелю бесьпілётнікі заўважылі прыкладна за 800 кілямэтраў на поўдзень, каля аэрапорту Брэнёйсун у акрузе Нурлян. Адзін самалёт накіравалі ў іншы аэрапорт, паведаміла прадстаўніца кампаніі Avinor.
Праз прысутнасьць невядомых бесьпілётнікаў закрывалі і аэрапорт Брэнёйсун. Раніцай 29 верасьня нарвэская паліцыя пацьвердзіла, што бачыла над аэрапортам два дроны.
Паліцыя мае фатаграфіі, на якіх нібыта бачныя бесьпілётнікі, але яны зробленыя здалёк і нізкай якасьці.
Кіраўнік пошукавых апэрацыяў сьцьвярджае, што атрымаў шмат паведамленьняў ад жыхароў гораду Будэ пра заўважаныя бесьпілётнікі, але яны выявіліся непраўдзівымі. Цяпер паліцыя павялічыла радыюс забароны на палёты дронаў вакол аэрапортаў з 5 да 10 км.
На мінулым тыдні з прычыны пралёту дронаў часова закрывалі шэраг аэрапортаў у Даніі, у тым ліку ў Капэнгагене, а таксама ў нарвэскай сталіцы Осла.
Форум