Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ паведамілі пра затрыманьне кіраўніка камітэту аховы здароўя Менску


Ігар Юркевіч, архіўнае фота
Ігар Юркевіч, архіўнае фота

У самім камітэце і ў аддзеле кадраў Менскага гарвыканкаму на 5 чэрвеня гэтую інфармацыю не пацьвярджаюць, але і не раскрываюць, дзе Юркевіч цяпер.

Два выданьні з спасылкай на свае крыніцы напісалі пра затрыманьне Ігара Юркевіча, начальніка камітэту аховы здароўя Менскага гарвыканкаму.

«Наша Ніва» напісала, што Ігар Юркевіч з канца мінулага працоўнага тыдня ў СІЗА:

«На мінулым тыдні нешта здарылася, Юркевіч перастаў зьяўляцца на працы і заходзіць у мэсэнджары. Як стала вядома суразмоўцам „Нашай Нівы“, Юркевіча затрымалі пры атрыманьні хабару. Ён знаходзіцца ў СІЗА», напісала выданьне.

Пра тое, што Ігар Юркевіч затрыманы, паведаміла і зарэгістраванае ў Беларусі сеткавае выданьне Tochka.by.

«Затрыманы кіраўнік камітэту аховы здароўя Менску, імаверна, за хабар. Стала вядома аб затрыманьні старшыні камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму Ігара Юркевіча. Гэтую інфармацыю Tochka.by пацьвердзіла крыніца, знаёмая з сытуацыяй».

Міністэрства аховы здароўя адмовілася ад камэнтароў, сілавыя структуры і Менскі гарвыканкам пакуль таксама не адказалі на пытаньні журналістаў Tochka.by.

5 чэрвеня Ігара Юркевіча не было на працоўным месцы, высьветліла Свабода.

На сайце камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму Юркевіч пазначаны як старшыня. У ягонай прымальні не пацьвердзілі, што ён у СІЗА, але і не змаглі сказаць, дзе ён цяпер знаходзіцца, а скіравалі ў аддзел кадраў Менскага гарвыканкаму.

Але і там не змаглі паведаміць, дзе Юркевіч, сказалі: «Можа, ён у камандзіроўцы».

Хто такі Ігар Юркевіч

Ігар Юркевіч нарадзіўся ў 1976 годзе ў Століне, скончыў Горадзенскі мэдычны ўнівэрсытэт, быў кіраўніком дзіцячага клінічнага інфэкцыйнага шпіталя Менску, з 2011 году працаваў у камітэце аховы здароўя Менгарвыканкаму — спачатку на пасадзе першага намесьніка старшыні, потым стаў кіраўніком камітэту.

З 2017 па 2019 год быў намесьнікам старшыні Менскага гарвыканкаму.

У верасьні 2023 году зноў заняў пасаду старшыні камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG