Пагутарылі з адным з распрацоўнікаў канцэпцыі «Люстрацыя для Беларусі» Анатолем Лябедзькам, а таксама выслухалі крытычную думку прадстаўніка ByPOL Аляксандра Азарава пра гэты дакумэнт. Трошкі іншым падыходам падзяліўся сьпікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан.
Усе трое суразмоўцаў Свабоды ў розныя часы пайшлі ў апазыцыю з розных пасадаў ва ўладзе.
- Анатоль Лябедзька пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году кароткі час працаваў дарадцам Лукашэнкі, пазьней сышоў з адміністрацыі прэзыдэнта, шмат гадоў узначальваў Аб’яднаную грамадзянскую партыю, неаднойчы быў за кратамі, мае сына-палітвязьня. Цяпер ён дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкай супрацы.
- Арцём Брухан з 2017 па 2020 год працаваў у Берасьцейскім аблвыканкаме. Звольніўся з працы на наступны дзень пасьля забойства Рамана Бандарэнкі ў 2020 годзе. Далучыўся да Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня, з 15 траўня 2025 году — сьпікер Каардынацыйнай рады.
- Аляксандар Азараў працаваў у ГУБАЗіК да 2019 году, да сярэдзіны жніўня 2020 году — выкладчыкам у Акадэміі МУС. У кастрычніку 2020 году стаў адным з кіраўнікоў ініцыятывы ByPOL, створанай былымі сілавікамі. Быў прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў аднаўленьні правапарадку.
У чым сутнасьць канцэпцыі люстрацыі
Пад люстрацыяй у канцэпцыі разумеюцца заканадаўчыя захады ў дачыненьні да палітычнай эліты рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, якія не дапусьцяць «чальцоў і калябарацыяністаў былых рэпрэсіўных рэжымаў» да заняцьця шэрагу пасадаў у дзяржаўным кіраваньні або іншых пасадаў з «моцным грамадзкім уплывам» — «пасьля падзеньня аўтарытарнага рэжыму».
Канцэпцыя ўводзіць паняцьце «абароненых пасадаў», прэтэндэнты на якія абавязаны раскрыць сваю дзейнасьць пры рэжыме Лукашэнкі паводле пэўнага альгарытму — правесьці самадэкляраваньне і праверку. Дэклярацыя патрабуе назваць месцы працы і ўдзел у парушэньнях правоў.
Праходзіць праверку, згодна з дакумэнтам, павінны судзьдзі ўсіх узроўняў, службовыя асобы пэнітэнцыярнай сыстэмы, супрацоўнікі праваахоўных органаў і органаў дзяржаўнай бясьпекі, вышэйшы і сярэдні камандны склад Узброеных сілаў, службовыя асобы выканаўчай улады; рэктары, іх намеснікі і дэканы дзяржаўных вышэйшых навучальных установаў; кіраўнікі і намесьнікі кіраўнікоў дзяржаўных тэлеканалаў, радыёстанцыяў, газэт і інтэрнет-парталаў, галоўныя рэдактары і рэдактары аддзелаў дзяржаўных СМІ; чальцы ЦВК, старшыні, іх намесьнікі і сакратары тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісіяў; дэпутаты парлямэнту, прэзыдэнт, а таксама прадстаўнікі органаў, якія ажыцьцяўляюць працэдуры люстрацыі.
Адмова ад самадэкляраваньня, як пазначана ў канцэпцыі, будзе падставай для звальненьня. Дакладнасьць пададзеных зьвестак правераць незалежныя органы. Пры выяўленьні ілжывай інфармацыі наступае звальненьне і забарона на дзяржаўную службу.
Праводзіць люстрацыю, як мяркуецца, будзе Інстытут нацыянальнай памяці Беларусі, пры якім створаць Люстрацыйнае бюро — структуру, адказную за люстрацыйнае дэкляраваньне і праверку адпаведных дэклярацыяў.
Чаму канцэпцыя люстрацыі зьявілася ў 2025 годзе і ці актуальная яна?
Запыталіся ў Анатоля Лябедзькі пра актуальнасьць зьяўленьня гэтай канцэпцыі сёлета, калі дэмакратычныя зьмены ў Беларусі не выглядаюць рэалістычнымі. Палітык кажа, што канцэпцыя люстрацыі — неадʼемная частка «пазытыўнай альтэрнатывы для Новай Беларусі».
— Я асабіста належу да фракцыі аптымістаў, якія вераць, што дабро перамагае зло, што прыйдзе час, калі мы вернемся ў краіну і будзем будаваць Беларусь паводле іншых лекалаў. Каб гэта адбылося хутка і эфэктыўна, патрэбна рыхтавацца зараз. Мы падрыхтавалі праект рэформаў, які ўключае і Канстытуцыю Новай Беларусі, і праекты законаў. Люстрацыя — адна з важных і неабходных частак праекту. Краіны не стаяць на месцы, усе разьвіваюцца, ідуць наперад, і нам патрэбна будзе даганяць. І калі прыйдзе гэты час, то ў нашым партфэлі мусяць быць ужо распрацаваныя праекты.
Анатоль Лябедзька тлумачыць, што пасьля канцэпцыі патрэбна будзе распрацоўваць праект адпаведнага закону, і не адзін.
Пытаюся ў палітыка: калі б канцэпцыя люстрацыі існавала ў 2020-м, ці маглі б падзеі разьвіцца іншым чынам?
Лябедзька лічыць, што каб такі дакумэнт быў у наяўнасьці, ён бы мог паўплываць на раскол элітаў, але калі не зрабілі такога ў 2020-м, то трэба гэта рабіць у 2025 годзе, бо праблемы, якія стаялі перад краінай пяць гадоў назад, ня вырашаны па сёньня.
Чаму люстрацыя гэта ня помста
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай перакананы, што пераважная большасьць чыноўнікаў захочуць паглядзець і пачытаць гэты дакумэнт.
— Калі яны зробяць гэты першы крок, то на другім этапе большасьць зь іх уздыхнуць з палёгкай, бо канцэпцыя люстрацыі — гэта не пра расправу, гэта нават не пра крымінальныя злачынствы. Гэта ў першую чаргу пра справядлівасьць, пра тое, што мы прапануем рабіць для вырашэньня кадравага пытаньня ў Новай Беларусі. Галоўнае, што прапануецца, — гэта дэкляраваньне. Кожны, хто прэтэндуе на нейкую, нават маленькую, пасаду ў новай Беларусі, павінен будзе запоўніць дэклярацыю. Калі яны пішуць праўду, то гэта крок наперад, яны могуць займаць нейкія пасады ў новай Беларусі.
Лябедзька падкрэсьлівае, што гаворка не ідзе пра катэгорыю чыноўнікаў, якія рабілі крымінальныя злачынствы.
— Гэта іншы кірунак. І тут павінны працаваць іншыя органы. Сьледчы камітэт, пракуратура, суды. І кожны, хто ўчыняў злачынствы, мусіць прайсьці як мінімум празь сьледзтва і, магчыма, праз суд. Трэба прызнаць, што мы ж ня можам, ня здольныя адначасова замяніць сотні тысяч людзей, якія працуюць у дзяржаўным апараце. Нейкую частку людзей мы мусім пакінуць, каб яны працавалі. На мой погляд, калі чалавек працаваў у аддзеле сацыяльнага забесьпячэньня, ці адукацыі, ці аховы здароўя, то ён не ўчыняў крымінальных злачынстваў. Так, ён быў нейкай маленькай шрубкай, але ён выконваў нейкія дзяржаўныя функцыі. І вось гэтым людзям мы павінны даць магчымасьць заставацца на сваіх пасадах, калі ў іх ёсьць кампэтэнцыя, прафэсіяналізм. Падкрэсьліваю, гэта не пра расправу, гэта пра справядлівасьць і гэта ў нейкай ступені пра прымірэньне.
Анатоль Лябедзька тлумачыць, што паводле канцэпцыі ўсе дэклярацыі будуць публічныя.
Як пройдуць люстрацыю Качанава ці Кубракоў?
Пытаюся ў Анатоля Лябедзькі, якім чынам будуць праходзіць люстрацыю асобы з блізкага кругу Лукашэнкі, кіраўнікі міністэрстваў, кіраўнікі РАУС, судзьдзі, кіраўнікі сілавых ведамстваў.
— Я б сказаў, што гэта будзе тычыцца тых, што сядзеў у кабінэтах, дзе менш вокнаў, ня меў сакратарак, пэрсанальных аўтамабіляў і гэтак далей. Тыя, каго вы назвалі, у тым ліку прадстаўнікі сілавых структураў, падпадаюць пад дзеяньні іншых законаў, Крымінальнага кодэксу. У канцэпцыі мы гаворым пра шырокі пласт тых, хто выконваў нейкія дзяржаўныя функцыі, пра людзей, якія не разумеюць, а што будзе зь імі, калі ня будзе ў Беларусі дыктатуры, а будзе дэмакратыя. Вось гэтым людзям мы павінны даць яснае і зразумелае пасланьне.
Паводле Анатоля Лябедзькі, у рабочую групу, якая распрацоўвала праект канцэпцыі, увайшлі больш за 20 дасьведчаных людзей — юрыстаў, экспэртаў. Цяпер пачынаецца грамадзкае абмеркаваньне канцэпцыі, у якім можа ўзяць удзел кожны ахвотны.
Канцэпцыя люстрацыі ці нацыянальнага прымірэньня?
Сьпікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан выклаў для Свабоды свой пункт гледжаньня на распрацаваную канцэпцыю. Паводле яго, пададзеная канцэпцыя — навукова абгрунтаваная, бачная вялікая праца для яе рыхтаваньня. Але Брухан лічыць, што слова «люстрацыя» будзе выклікаць трошкі нэгатыўную рэакцыю кожнага чыноўніка.
— Люстрацыя часта асацыюецца ў мэдыйнай прасторы зь люстрацыяй, якая, напрыклад, праходзіла ва Ўкраіне, калі нейкага чыноўніка ў нейкую сьметніцу кінулі. Я б рабіў акцэнт на тым, што гэта ў першую чаргу канцэпцыя ня проста люстрацыі, а канцэпцыя пошуку магчымага мэханізму, як прымірыць грамадзтва. Раней ці пазьней трэба будзе прымірыцца нават з тымі людзьмі, якія працавалі ў дзяржаўным апараце пасьля 2020 году. І канцэпцыя пошуку гэтага прымірэньня шырэйшая, чым люстрацыя. Але сама ідэя дакумэнту, як мне здаецца, добрая.
Сьпікер Каардынацыйнай рады перакананы, што зараз дзяржаўныя службоўцы будуць успрымаць люстрацыю ў штыхі. Паводле яго, трэба правесьці добрую камунікацыйную інфармацыйную працу, каб гэты дакумэнт дайшоў да кожнага чыноўніка, «каб было разуменьне таго, што нікога вешаць на слупах ня будуць, што ўсіх масава звальняць ня будуць, што нічога такога дрэннага не адбудзецца, калі прыйдуць дэмакратычныя перамены».
Ці патрэбная канцэпцыя люстрацыі, калі няясна, як зьмяніць рэжым у Беларусі?
Прадстаўнік ByPOL Аляксандар Азараў лічыць, што канцэпцыя люстрацыі цяпер не патрэбная, што яе трэба было распрацоўваць адразу пасьля 2020 году.
— Тады яшчэ быў моцны рух супраць Лукашэнкі. Цяпер пратэсты цалкам задушаныя, людзі ўжо забыліся пра тое, што было ў 2020 годзе, і жывуць сваім жыцьцём, не выходзяць на вуліцы. Працягваюцца рэпрэсіі. Наколькі я ведаю ад сваіх знаёмых, ніхто не чытае беларускія дэмакратычныя СМІ. Прымаць якія-небудзь канцэпцыі зараз зусім ня мае сэнсу, бо ніхто іх не прачытае. Ніхто гэтага ня прыме і ў будучыні, бо ў бліжэйшыя 10-15 гадоў мы ня ўбачым ніякай зьмены ўлады ў Беларусі. Гэта значыць, што паняцьце да таго часу састарэе і ніхто ня ўспомніць, што яно наагул існавала.
Паводле Азарава, найперш павінен быць плян, каб у Беларусі адбыліся дэмакратычныя зьмены.
— Будуем пляны, стратэгіі, розныя канцэпцыі, што будзе, калі Лукашэнка будзе адлучаны ад улады. А як яго прыбраць, ніхто пра гэта ня думае. Давайце спачатку разьбярэмся, як яго прыбраць, а потым ужо будзем прыдумляць канцэпцыі.
Тым ня менш Аляксандар Азараў лічыць, што такі дакумэнт мае быць фармалізаваны, падпісаны канкрэтнымі адказнымі асобамі, а ня проста «павешаны на сайце».
— Або кіраўнік АПК, або кіраўнік Каардынацыйнай рады павінен падпісаць яго. А потым гэтыя асобы бяруць на сябе адказнасьць за рэалізацыю канцэпцыі. Таксама пытаньне — чаму гэтым займаецца офіс Ціханоўскай, а не Каардынацыйная рада? Яна была абраная менавіта для таго, каб прымаць такія рашэньні, абмяркоўваць законапраекты і прымаць іх.
Прадстаўнік ByPOL выступае за «мяккую люстрацыю».
— Сілавікі — гэта адзіная сіла, на якой трымаецца рэжым Лукашэнкі. А як яны пяройдуць на наш бок, калі мы створым такі дакумэнт аб люстрацыі? Мы тым чынам не заклікаем іх пераходзіць на наш бок, а, наадварот, падштурхоўваем, каб яны трымаліся гэтага рэжыму.
Форум