Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Павал Сапелка: вызваленьне Ніны Багінскай не азначае спыненьня крымінальнага перасьледу


Ніна Багінская
Ніна Багінская

30 траўня ў закрытым рэжыме судзілі актывістку Ніну Багінскую, у выніку яе вызвалілі без пакараньня, а крымінальную справу спынілі. Аднак праваабаронца патлумачыў, што гэта не азначае спыненьня крымінальнага перасьледу.

Юрыст Павал Сапелка адзначыў, што асуджэньне без прызначэньня пакараньня паводле арт. 79 Крымінальнага кодэксу адносіцца да так званых «іншых захадаў крымінальнай адказнасьці» на ўзор умоўнага асуджэньня і асуджэньня з адтэрмінаваньнем выкананьня пакараньня. Праваабаронцу цытуе тэлеканал «Белсат».

«Гэта не азначае спыненьня крымінальнага пераследу: суд выносіць абвінаваўчы прысуд без прызначэньня пакараньня.

Прадугледжанае ў выпадку вынясеньня такога прысуду прафіляктычнае назіраньне ў дачыненьні чалавека, які дасягнуў пэнсійнага ўзросту, азначае абавязак цягам тэрміну судзімасьці „папярэдне паведамляць органу ўнутраных справаў пра зьмяненьне месца жыхарства, выезд дзеля асабістых справаў у іншую мясцовасьць на тэрмін, большы за адзін месяц, і зьяўляцца ў названы орган на яго выклік у прызначаны тэрмін ды пры неабходнасьці даваць тлумачэньні адносна сваіх паводзінаў і ладу жыцьця“», — кажа юрыст.

Тэрмін судзімасьці ў такім выпадку, паводле Паўла Сапелкі, складае два гады пасьля ўваходу прысуду ў законную сілу.

Перасьлед Ніны Багінскай

78-гадовую актывістку абвінавацілі ў «неаднаразовым парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў» (арт. 342-2 КК) за адзіночныя пікеты.

Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне да трох гадоў зьняволеньня.

У 2024 годзе на Ніну Багінскую тройчы складалі пратаколы ў адміністрацыйных справах аб «парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў». У суме яе аштрафавалі на 7200 рублёў (180 базавых велічыняў).

Вядома, што падчас сьледзтва ў крымінальнай справе Ніну Багінскую некалькі разоў вазілі на псыхіятрычную экспэртызу.

У Ніны Багінскай ужо ня раз вырывалі і забіралі бел-чырвона-белыя сьцягі, зь якімі яна выходзіла на пратэсты.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG