Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пачаўся перасьлед бізнэсу з плятформы «Баймапка». Павал Лібер адрэагаваў


Выява з тэлеграм-каналу «Баймапкі», 20 сакавіка 2025 году
Выява з тэлеграм-каналу «Баймапкі», 20 сакавіка 2025 году

Сьледчы камітэт Беларусі заявіў , што ідэнтыфікаваў больш за 1000 карыстальнікаў платформы «Новая Беларусь».

А супраць «ўдзельнікаў і кіраўніка экстрэмісцкага фармаваньня Паўла Лібера, аб’яднаных інтэрактыўнай плятформай „Новая Беларусь“» заведзена крымінальная справа.

«Сьледчыя валодаюць інфармацыяй аб структуры экстрэмісцкага фармаваньня, яго ўдзельніках, кіраўніках, мэтах і матывах функцыянаваньня», — заявіў СК.

Некаторых бізнэсоўцаў, што знаходзяцца ў Беларусі, ужо затрымалі.

«Удзельнікам экстрэмісцкага фарміраваньня, у залежнасьці ад ступені ўдзелу ва ўчыненьні злачынства, прадʼяўлены абвінавачаньні, асобныя — узяты пад варту», — гаворыцца ў паведамленьні СК.

Сайт «Баймапкі» з адрасамі зьвязаных зь беларусамі бізнэсаў і сэрвісаў
Сайт «Баймапкі» з адрасамі зьвязаных зь беларусамі бізнэсаў і сэрвісаў

Павал Лібер: «Любы бізнэс, да якога прыйшлі, можа сьмела пацьвердзіць, што нічога не парушае»

У інтэрвію Свабодзе стваральнік плятформы «Новая Беларусь» Павал Лібер заявіў з гэтай нагоды:

«За апошнія некалькі дзён мы даведаліся пра тры выпадкі прыходу да бізнэсу з баймапкі і ва ўсіх выпадках ім казалі пра Новую Беларусь, іншых выпадкаў не ведаем, але патэрн падобна менавіта да бізнэсу.

Пры гэтым байпамка не зьяўляецца экстрэмісцкай, а НБ/SVAE гэта агрэгатар рознага публічнага кантэнту, таму падазраю што СК проста не моцна разьбіраўся і вырашыў што гэта адно і тое ж. Але гэта піпотэза, пакуль самі чакаем дэталяў».

Акрамя таго Павал Лібер напісаў у сацетцы X, што сілавікі памылкова прымаюць сайт «Баймапка» за праект «Новай Беларусі» і беспадстаўна перасьледуюць бізнэс, які на «Баймапцы» зарэгістраваны.

«Баймапка — асобны самастойны прадукт з асобнай камандай, які злучае людзей і бізнэсы/сэрвісы за мяжой. Усе дадзеныя там публічныя і адкрытыя(!), праект увогуле не палітычны», — напісаў Павал Лібер.

Бізнэс, зарэгістраваны на «Баймапцы», паказваецца і ў праграме SVAE, якая ёсьць часткай плятформы «Новая Беларусь», занесенай беларускімі ўладамі ў экстрэмісцкія сьпісы. Але SVAE працуе як агрэгатар падзеяў і сэрвісаў з адкрытых крыніц, у тым ліку сайту «Баймапкі», што, паводле лёгікі распрацоўнікаў, мусіла б адводзіць ад удзельнікаў небясьпеку трапіць у поле зроку рэпрэсіўнай машыны Беларусі.

«Сайт „Баймапкі“ ня мае экстрэмісцкіх статусаў, таму любы бізнэс, да якога прыйшлі, можа сьмела пацьвердзіць, што нічога не парушае і ня мае нічога агульнага з дадаткам „Новая Беларусь“ / SVAE», — напісаў Павал Лібер. І параіў тым, хто хвалюецца за сваю бясьпеку, выдаліцца з «Баймапкі».

«Сілавікам пажадаю лепш разабрацца ў прадуктах і канчаткова забыцца, што нехта захоча вяртацца дадому, будучы абвінавачаным наогул без прычын», — падсумаваў Павал Лібер.

Праваабаронцам стала вядома пра ціск на беларусаў, якія нанесьлі свае бізнэсы на карту «SVAE»

Як піша праваабарончы цэнтар «Вясна», як мінімум дзьве беларускі вымушана разьмясьцілі свае тлумачэньні пра тое, што разьмясьцілі зьвесткі пра свой эміграцыйны бізнэс у базе «SVAE». Яны апублікавалі ў сваіх інстаграм-акаўнтах відэа з парадамі для сяброў, у якіх кажуць, што сілавікі прыходзяць з вобшукамі ў Беларусі да тых, хто жыве за мяжой, але ўносіў даныя пра свае бізнэсы ў сэрвіс.

У адным з відэа дзяўчына кажа, што калі жыла і вучылася ў Тбілісі, то «зарэгістравала свае паслугі на карце праграмы «Новая Беларусь», а цяпер да яе маці прыйшлі з ператрусам. У апублікаванай гісторыі дзяўчына кажа, што «публікацыя ўзгодненая з праваахоўнікамі Беларусі». Дадае, што «спадзяецца, што ўсе скончыцца добра».

SVAE (раней — «Новая Беларусь») — сэрвіс, на якім беларусы-эмігранты, якія займаюцца бізнэсам ці аказваюць паслугі, маглі пакінуць зьвесткі пра сябе, каб карыстальнікі плятформы з дыяспары маглі іх знайсьці. У 2023 годзе плятформа была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваньнем».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG