Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьні ў 2020-м, арышт у 2024-м, эміграцыя ў 2025-м. Гісторыя 21-гадовага беларускага «тэрарыста»


Аляксей Мазука ў старэйшых клясах, на якія прыйшоўся 2020-ы
Аляксей Мазука ў старэйшых клясах, на якія прыйшоўся 2020-ы

На свабоду з калёніі «Воўчыя норы» выйшаў 21-гадовы Аляксей Мазука, ягога асудзілі за допісы ў дваровым чаце, пакінутыя там у 16-гадовым узросьце. Свабода паразмаўляла зь ім.

4 пратаколы за лета 2020-га

Летам 2020 году Аляксею Мазуку было 16 гадоў, ён толькі перайшоў у 11-ю клясу. У чэрвені таго году ля сталічнага Камароўскага рынку альтэрнатыўныя дзейнаму прэзыдэнту кандыдаты ладзілі шматлікія перадвыбарчыя пікеты, на якія хадзіў Аляксей. Там было шмат «ціхароў» зь сілавых структураў, якія здымалі пікеты на відэа, і юнака даволі хутка «вылічылі», узгадвае ён у размове з Свабодай. Аляксей быў непаўналетнім, таму ў Заводзкае РУУС яго выклікалі разам з маці. Там на хлопца склалі два адміністрацыйныя пратаколы.

«Жанчына-міліцыянтка гаварыла, што я на пікеце „крычаў у адгазьніку“. Маё фота трапіла тады на сайт Deutsche Welle, магчыма, яшчэ і з гэтай прычыны міліцыя „ўзбудзілася“. Паколькі мне было толькі 16 гадоў, паставілі на ўлік ў інспэкцыю ў справах непаўналетніх.

Летам мяне яшчэ раз затрымалі, я быў на ровары, склалі трэці пратакол, нібыта я „ня сьпешыўся“ на пераходзе. І чацьвёрты адміністрацыйны пратакол я атрымаў 10 жніўня. Прычым мы не зьбіраліся ні на якую акцыю, у сяброўкі быў дзень народзінаў. Схадзілі ў кавярню, потым паехалі на Грушаўку, збочылі ў двары. У мяне выпадкова аказаўся сьцяг, я яго накінуў на сьпіну. А ў гэты час у двары пабеглі людзі з праспэкту, бо прыехаў АМАП. Мяне скруцілі і да раніцы пратрымалі ў міліцыі. На наступны дзень выклікалі маму, яна мяне забрала. То бок за лета 2020-га я „зарабіў“ ажно 4 пратаколы», — апавядае юнак.

Браты Пачобуты і Deviation

Аляксей прызнаецца, што 16-гадовыя вучні паралельнай «лінгвістычнай» клясы летам 2020-га таксама хадзілі на акцыі пратэсту. А ягоныя «пратэставыя настроі» сфармаваліся пад уплывам альтэрнатыўнай музыкі — зь дзяцінства захапляўся панк-рокам, вельмі любіў творчасьць братоў Пачобутаў — Стаса і Анджэя, іхны гурт Deviation.

Перад пачаткам новага навучальнага году Аляксей атрымаў папярэджаньне пракуратуры. Маўляў, пасьля пятай адміністрацыйнай справы яго адправяць у спэцыяльную школу для малалетніх злачынцаў. У школе яго прасілі забраць дакумэнты з апошняй клясы, Аляксей адмовіўся. Зь ягоных словаў, тады ж завуч у выхаваўчай працы склала вельмі шчыльны расклад пазашкольнай занятасьці, каб у адзінаццаціклясьніка не заставалася вольнага часу.

Школу Аляксей пасьпяхова скончыў, паступіў у прафэсійна-тэхнічны каледж мантажных і пад’ёмна-транспартных работ. Там хлопец ладзіў панк-акцыі.

У такім выглядзе Аляксей заявіўся на праўладнае мерапрыемства, фота з архіву героя
У такім выглядзе Аляксей заявіўся на праўладнае мерапрыемства, фота з архіву героя

«Перад рэфэрэндумам у лютым 2022-га да нас ў каледж прыслалі нейкую жанчыну з БРСМ, мы яе проста „расстралялі“ вострымі пытаньнямі, і яна літаральна зьбегла. Аднойчы, калі я быў на бальнічным, тэлефануе куратар: маўляў, трэба прыйсьці на мерапрыемства ў Палац спорту. Я „пятым пунктам“ адчуваю: штосьці тут ня так. На галаве стаўлю „шыпы свабоды“, надзяю чырвоныя штаны ў клетку — усё як трэба ў панк-року. З прыступак тэлефаную куратару, маўляў, „я на падыходзе, выходзьце, сустракайце мяне з квітком“. Тут падлятаюць два АМАПаўцы, я яшчэ быў на сувязі з куратарам, званіў яму з дапамогай слухавак. З міліцыянтамі адбыўся такі дыялёг:

— Ты куды?

— На мерапрымства з каледжу запрасілі.

— У такім выглядзе???

— Я і сам туды ня вельмі хачу.

— Ну і п**** на х**!

Куратар усё чуў — мяне больш у каледжы нікуды не запрашалі», — узгадвае Аляксей.

«Больш за ўсё мне спадабалася на Валадарцы»

Да пачатку 2024 году Аляксея Мазуку не чапалі. Ён скончыў каледж, уладкаваўся на працу. Але 17 студзеня да яго ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКу: нібыта на хлопца заведзеная крымінальная справа паводле 342-га (удзел у масавых мерапрыемствах) і 361-га артыкулаў КК– за перапіску ў раённым чаце, калі людзі выходзілі на дваровыя акцыі.

Хлопец расказвае, што спачатку яго завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, дзе пратрымалі 5 дзён. Потым перавялі на Валадарку. Але СІЗА № 1 хутка закрылі, а вязьняў разьвезьлі па іншых установах. Аляксея на паўтара месяца перавялі ў Жодзінскую турму, а потым ў новы СІЗА ў Калядзічах.

Аляксей Мазука стаў адным з самых маладых беларускіх палітзьняволеных
Аляксей Мазука стаў адным з самых маладых беларускіх палітзьняволеных

«Усяго ў розных СІЗА я правёў 8 месяцаў. Больш за ўсё мне спадабалася на Валадарцы — там атмасфэра старога замку, а ў Калядзічах было больш сумна. Але паводле 342-га артыкулу на мяне нічога не „накапалі“. Застаўся толькі адзін 361-ы артыкул — за перапіску ў дваровым чаце. Я напісаў увосень 2020 году: „Іншага выйсьця, акрамя вуліцы, няма. Я за радыкалізацыю пратэстаў, дывэрсіі ў дачыненьні спэцтэхнікі і асабістай маёмасьці», — кажа Аляксей.

Асудзіла Мазуку судзьдзя Менскага гарадзкога суду Алена Ананіч, працэс прайшоў хутка. 15 ліпеня 2024 году яна прызначыла хлопцу 2 гады калёніі.

«У 2020 годзе я быў „малалеткам“, таму прысуд даволі мяккі — 2 гады. Да таго ж, паколькі я быў непаўналетнім на момант зьдзяйсьненьня злачынства, мне залічылі дзень знаходжаньня ў СІЗА за два, а ня дзень за паўтара, як звычайна. Пашанцавала. Так і не зразумеў, на якіх падставах мяне ўключылі ў сьпіс „тэрарыстаў“ КДБ», — кажа юнак.

Малады «тэрарыст»

У сьпісе «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці», ад КДБ Аляксей Мазука апынуўся пад нумарам 1258. Ён там адзін з самых маладых. Мазука нарадзіўся ў 2003-м, крыху маладзейшы — 2004 году нараджэньня — толькі Аляксандар Бранавіцкі, асуджаны паводле 130-га артыкулу КК. На гэты момант у лукашэнкаўскім «тэрарыстычным сьпісе» 1286 чалавек, зь іх 592 — беларусы.

Адбываў пакараньне Аляксей Мазука ў папраўчай калёніі № 22 «Воўчыя норы» каля Івацэвічаў. Як і ўсіх «палітычных», пасьля карантыну яго зьмясьцілі ў ШЫЗА і прызналі «злосным парушальнікам». На «промцы» (вытворчасьці) працаваў у ангары, дзе скалочваюць драўляныя паддоны. Зь вядомых асобаў Мазука перасякаўся ў «Воўчых норах» з удзельнікам «прэзыдэнцкага пулу» Дзьмітрыем Семчанкам, музыкам гурту Tor Band Аляксеем Ярэмчыкам.

Аляксей Мазука, фота з асабістага архіву
Аляксей Мазука, фота з асабістага архіву

«Адміністрацыя больш жорстка ставіцца да палітычных, чэпяцца да розных дробязяў, іх стражэй караюць… Але тыя, хто даўжэй сядзіць, апавядалі, што раней было больш сурова», — расказвае Аляксей.

16 траўня Аляксей Мазука цалкам адбыў свой тэрмін. Яму адносна „пашанцавала“ — вызваліўся без нагляду, толькі з прафіляктычным улікам, але з статусам «тэрарыста».

«Калі я пайшоў станавіцца на ўлік у міліцыю, зразумеў, што буду вымушаны хадзіць туды штодзень. Купіў SIM-карту, яна працавала два дні — і ў мяне адключылі сувязь. У банку я ня змог адкрыць рахунак, таксама ня здолеў зрабіць даверанасьць на машыну. Аўтамабіль мой, можна сказаць, „адціснулі“. Ня мог нават мэдычную страхоўку зрабіць — „тэрарыстам не паложана“. Трэба было хутка зьяжджаць, пакуль не пасьпелі абмежаваць выезд з краіны. Дзякуючы апэратыўнасьці фонду BySol мне пашчасьціла даволі хутка пакінуць Беларусь», — кажа Аляксей Мазука.

Цяпер ён у бясьпецы, пачынае наладжваць новае жыцьцё ў чужой краіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG