Украіна і Расея абмяняліся сьпісамі палонных для абмену ў фармаце тысяча на тысячу.
«Дамоўленасьць пра вызваленьне 1000 нашых людзей з расейскага палону сталася ці не адзіным вынікам сустрэчы ў Турэччыне. Працуем, каб гэты вынік быў забясьпечаны», — напісаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі ў сваім «Тэлеграме».
Пазьней прэсавы сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў паведаміў, што і расейскі бок атрымаў украінскі сьпіс для абмену палоннымі.
Гэты абмен стане найбуйнейшым ад пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. Калі ён дакладна адбудзецца, невядома.
Перамовы Ўкраіны і Расеі ў Стамбуле 15 і 16 траўня не прывялі да спыненьня баёў. Больш за тое, у мінулыя выходныя Расея ўчыніла адзін з найбуйнейшых нападаў бесьпілётнікаў на Ўкраіну, паводле зьвестак украінскага боку.
Расейскія прадстаўнікі ў Стамбуле выставілі максымалісцкія патрабаваньні да Ўкраіны, у тым ліку запатрабавалі вывесьці ўкраінскія войскі з часткова акупаваных Расеяй рэгіёнаў. Гэтыя ўмовы адхіляюцца Украінай і многімі яе заходнімі саюзьнікамі.
Форум