Спэцслужбы Вялікабрытаніі і яе саюзьнікаў абвінавацілі падразьдзяленьне расейскай разьведкі ГРУ, вядомае як APT 28 або Fancy Bear, у спробе атрымаць доступ да камэр назіраньня для маніторынгу заходняй дапамогі, якая паступае ва Ўкраіну, каб сарваць пастаўкі. Пра гэта паведамляе брытанскае выданьне The Guardian.
Пра гэта гаворыцца ў дакладзе, падрыхтаваным Нацыянальным цэнтрам кібэрбясьпекі Вялікабрытаніі пры ўдзеле агенцтваў з ЗША і эўрапейскіх краін.
Паволе дакладу, хакеры атрымалі доступ да прыватных камэр назіраньня, а таксама да камэр дарожнага руху, каб адсочваць пастаўкі ва Ўкраіну.
Усяго каля памежных пераходаў, вайсковых абʼектаў і чыгуначных станцый разьмешчана каля 10 тысяч камэр.
- 80% зламаных камэр працуюць ва Ўкраіне,
- 10% — у Румыніі,
- 4% — у Польшчы,
- 2,8% — у Вугоршчыне,
- 1,7% — у Славакіі.
Месцазнаходжаньне астатніх камэр не паведамляецца.
Што рабілі хакеры
- Зьбіралі інфармацыю пра расклад цягнікоў,
- шукалі транспартныя накладныя,
- рассылалі фішынгавыя электронныя лісты з парнаграфіяй і падробленымі дакумэнтамі,
- кралі паролі для доступу да сыстэмаў.
Нацыянальны цэнтар кібэрбясьпекі Вялікабрытаніі заклікаў кампаніі, якія дапамагаюць Украіне, «прыняць тэрміновыя ахоўныя меры».
Чым вядомыя хакеры з ГРУ
Хакерская група APT 28 або Fancy Bear таксама вядомая як 85-ы галоўны цэнтар спэцыяльных службаў ГРУ або падразьдзяленьне ГРУ 26165.
Паводле зьвестак амэрыканскіх уладаў, група, якая складаецца з кадравых афіцэраў расейскай ваеннай разьведкі, базуецца ў маскоўскай вайсковай частцы № 26165.
Хакераў Fancy Bear раней вінавацілі ва
- ўзломе сэрвэраў Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі,
- электроннай пошты былога дзяржаўнага сакратара ЗША Гілары Клінтан,
- кібэратаках на Бундэстаг і Сацыял-дэмакратычную партыю Нямеччыны, Арганізацыю па забароне хімічнай зброі, а таксама іншыя заходнія інстытуты.
У 2020 годзе Эўрапейскі Зьвяз увёў санкцыі супраць начальніка ГРУ Ігара Касьцюкова і яго падначаленых з 85-га галоўнага цэнтра спэцыяльных службаў ГРУ.
Форум