Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальлю Пяткевіч прызначылі першай намесьніцай прэм’ер-міністра Беларусі


Натальля Пяткевіч, архіўнае фота
Натальля Пяткевіч, архіўнае фота

Чыноўніца ня раз займала пасады ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Натальля Пяткевіч стала першай віцэ-прэм’еркай Беларусі, паведаміў тэлеграм-канал «Пул первого». Рашэньне падпісаў 22 траўня Аляксандар Лукашэнка.

3 сакавіка віцэ-прэм’ерам прызначылі Ўладзімера Караніка, ён стаў куратарам сацыяльнай сфэры. Да прызначэньня Каранік займаў пасаду старшыні Горадзенскага аблвыканкаму. Сёньня ж стала вядома, што ён узначаліў Прэзыдыюм Нацыянальнай акадэміі навук.

Адметна, што Караніка ставілі намесьнікам прэм’ер-міністра ў той час, калі сама пасада кіраўніка ўраду заставалася вакатнай. Толькі праз тыдзень афіцыйнае прызначэньне атрымаў Аляксандар Турчын, які стаў 11-м чалавекам на гэтай пасадзе ў часы незалежнасьці.

Натальля Пяткевіч да нядаўна займала пасаду намесьніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. Агулам жа ў атачэньні Лукашэнкі Пяткевіч адпрацавала паўтара дзясятка гадоў.

Натальля Пяткевіч была вядучай спэцыялісткай, начальніцай упраўленьня дзяржаўнага і міжнароднага права галоўнага праўнага ўпраўленьня адміністрацыі Лукашэнкі. У 2001 годзе стала ягонай прэс-сакратаркай, у 2004 — намесьніцай кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі. На гэтай пасадзе праславілася тым, што была «шчырай прыхільніцай скасаваньня льготаў».

9 студзеня 2009 году яе прызначылі першай намесьніцай кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта. Гэтую пасаду Пяткевіч займала да 28 сьнежня 2010 году. Потым была памочніцай Лукашэнкі, пакуль 1 кастрычніка 2014 году Лукашэнка ня вызваліў яе ад гэтай пасады.

Паўтара года яна была беспрацоўнай, потым уладкавалася ў кампанію «Шантэр» набліжанага да ўладаў бізнэсоўца Аляксандра Шакуціна, разьвівала ў Беларусі турыстычны бізнэс.

Іншыя прызначэньні 22 траўня

Валеры Вакульчык узначаліў апарат Савету міністраў РБ. Вакульчык вядомы ранейшай працай сакратаром Рады бясьпекі і кіраўніком КДБ.

Міністар інфармацыі Ўладзімер Пярцоў стаў першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі замест Пяткевіч.

Таксама Лукашэнка прызначыў паслом у Грузіі Мікалая Рагашчука, які раней быў інспэктарам у Гомельскай вобласьці. Уладзімер Юргевіч стаў памочнікам Лукашэнкі ў Віцебскай вобласьці.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG