Лінкі ўнівэрсальнага доступу

206 беларускіх палітвязьняў — у стане асаблівай рызыкі з прычыны хваробаў, узросту, інваліднасьці


Уладзімер Гундар, палітзьняволены з інваліднасьцю другой групы. Архіўнае фота
Уладзімер Гундар, палітзьняволены з інваліднасьцю другой групы. Архіўнае фота

Праваабарончы цэнтар «Вясна» падлічыў, хто зь беларускіх палітзьняволеных знаходзіцца ў сытуацыі асаблівай рызыкі.

На 20 траўня вядома ня менш чым пра 206 палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі ў стане асаблівай рызыкі. Сярод іх:

  • 77 чалавек маюць цяжкі стан здароўя;
  • 29 чалавек, старэйшых за 60 гадоў (шмат хто зь іх таксама мае вялікія праблемы са здароўем);
  • 30 шматдзетных маці і бацькаў;
  • 9 чалавек зь інваліднасьцю;
  • 9 чалавек з мэнтальнымі разладамі;
  • Вядома пра як мінімум 4 сям’і, дзе абое бацькоў за кратамі.

У няволі трымаюць 29 чалавек у сталым узросьце, у іх шмат хваробаў, разьвіцьцё якіх правакуюць цяжкія ўмовы зьняволеньня. Праваабаронцы згадалі некаторых зь іх.

Паводле «Вясны», найстарэйшы з палітвязьняў — 77-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёва, накіраваны на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным шпіталі за абразу Лукашэнкі.

У 60-гадовага Аляксандра Фядуты дыягнаставалі вострую сардэчную недастатковасьць, у СІЗА у яго здараліся прыступы стэнакардыі і арытміі. Яго асудзілі на 10 гадоў калёніі, адразу пасьля этапу ён трапіў у лякарню праз праблемы з сэрцам і ацёкі. Восеньню 2022 году ягоная жонка расказвала, што ад праблем з сэрцам Фядута ня можа ляжаць і нармальна спаць.

64-гадовы актывіст і краязнаўца Ўладзімер Гундар — чалавек з інваліднасьцю другой групы, у яго няма адной нагі. Аднак у СІЗА яму не дазволілі пакінуць пратэз, не перадавалі неабходныя лекі: высокі ціск справакаваў гіпэртанічны крыз. Яго асудзілі на 18 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Агулам, паводле правааабаронцаў, прынамсі дзевяць чалавек у зьняволеньні маюць інваліднасьць.

На 14 гадоў калёніі асудзілі 68-гадовага Мікалая Статкевіча, які прынамсі тройчы хварэў на каранавірус падчас зьняволеньня, у яго разьвілося запаленьне лёгкіх. На чатыры з паловай гады асудзілі 68-гадовую Алену Гнаўк.

65-гадовы сьвятар Генрых Акалатовіч перанёс інфаркт, нядаўна яму зрабілі апэрацыю на страўніку ў сувязі з анкалягічным захворваньнем.

Сярод тых, каму дапамога патрэбная неадкладна, актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Андрэй Войніч, які пасьля віруснага гепатыту мае цыроз пячонкі, цукровы дыябэт, пухліну над наднырачнікамі, у яго выдалены жоўцевы пухір і патрэбная тэрміновая перасадка пячонкі. Аднак у калёніі, куды яго накіравалі адбываць сямігадовае зьняволеньне, яго кідаюць у карцэр, ён пазбаўлены перадачаў і спатканьняў.

23-гадовы Арсень Майсейчык, асуджаны да 6 гадоў калёніі, хворы на лейкому, што патрабуе рэгулярнага лекарскага кантролю і штогадовага абсьледаваньня МРТ.

Апрача таго, мінімум дзевяць чалавек у месцах зьняволеньня маюць мэнтальныя разлады. У зьняволеньні прынамсі 30 шматдзетных бацькоў, падлічылі праваабаронцы.

Юрыст «Вясны» Павал Сапелка з гэтай нагоды заявіў:

«Пасьля пачатку выбарчай кампаніі 2020 году адміністрацыі месцаў пазбаўленьня волі ... стваралі для палітзьняволеных умовы, якія набліжаюцца да ўзроўню катаваньняў, а часта дасягаюць яго.

Ці варта казаць пра тое, што пакуты, якія прычыняюцца такім стаўленьнем, шматкроць узмацняліся, калі ахвярамі бесчалавечнай палітыкі рабіліся людзі з інваліднасьцю, зь цяжкімі або хранічнымі захворваньнямі? Якімі б ні былі прычыны такога стаўленьня, яно забароненае і павінна быць неадкладна спынена, а вінаватыя мусяць панесьці адказнасьць.

Мінімальныя стандартныя правілы Арганізацыі Абʼяднаных Нацый ў абыходжаньні са зьняволенымі (правілы Нэльсана Мандэлы) наказваюць, што „зьняволеных, якія не нясуць крымінальную адказнасьць або ў якіх пазьней дыягнаставалі сурʼёзныя псыхічныя захворваньні і/або цяжкі стан здароўя, для якіх далейшае знаходжаньне ў турэмных умовах будзе азначаць пагаршэньне іхнага стану, ня варта трымаць у турэмных установах“».

Праваабаронцы надалей патрабуюць безумоўнага вызваленьня палітвязьняў, спыненьня перасьледу ці перагляду іхных справаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG