Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон у пятніцу абвінаваціў Расею ў тым, што яна «не жадае» спыненьня агню ва Ўкраіне, заявіўшы эўрапейскім лідарам, што толькі ўзмацненьне ціску на Маскву прывядзе да зьменаў.
«Я лічу, што апошнія некалькі гадзін паказалі, што Расея не жадае спыненьня агню, і што калі ня будзе ўзмацненьня ціску з боку эўрапейцаў і амэрыканцаў для дасягненьня гэтага выніку, гэта не адбудзецца само сабою», — заявіў Макрон на сустрэчы эўрапейскіх лідэраў у Тыране.
Да Макрона ў такіх поглядах далучыўся прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр. Пра расейска-ўкраінскую вайну ён пачаў прамову ўжо ў вітальным слове ў Тыране.
„Пры падтрымцы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа была агучана пазыцыя адносна безумоўнага спыненьня агню. Пуцін павінен сесьці за стол перамоваў па гэтым безумоўным спыненьні агню. І, як мы рабілі ў мінулыя выходныя, нам трэба высунуць ультыматум. Цяпер, калі ультыматум высунуты, мы павінны быць гатовыя дзейнічаць — бо калі Расея ня сядзе за стол перамоваў, Пуцін заплаціць цану. І ўчорашні дзень быў чарговым доказам таго, што Пуцін несур’ёзна ставіцца да міру. Расея зацягвае справу і гуляе ў гульні, у той час як Украіна паказала сябе бокам, які сапраўды жадае міру“, — сказаў прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі.
Эўрапейскія палітыкі сабраліся ў Тыране ў пятніцу, каб абмеркаваць надзённыя праблемы кантынэнту, у тым ліку вайну ва Ўкраіне, міграцыю і канкурэнтаздольнасьць.
Тэма саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці (EPC) у Тыране — «Новая Эўропа ў новым сьвеце: адзінства — супрацоўніцтва — сумесныя дзеяньні».
Сустрэча сумесна арганізаваная прэмʼер-міністрам Альбаніі Эдзі Рамам і прэзыдэнтам Эўрапейскай рады Антонію Коштам. Лідэры абмяркуюць выклікі для бясьпекі, інавацыі і эканамічную ўстойлівасьць, а таксама міграцыю і магчымасьці для моладзі.
Форум