Як паведаміла Беларуская рэдакцыя Vatican News, сустрэча беларускіх біскупаў з папам Рымскім працягвалася каля паўгадзіны ў сяброўскай і сонечнай атмасфэры. У сустрэчы разам з Юзафам Станеўскім бралі ўдзел біскуп Аляксандр Яшэўскі і ксёндз-канонік Юры Ясевіч. Дэлегацыя ўручыла Сьвятому Айцу падарунак — абраз Маці Божай Будслаўскай, намаляваны мастачкай Ядвігай Сінько.
Мітрапаліт Менска-Магілёўскі ў траўні і ў пачатку кастрычніка вусна запрашаў Пантыфіка наведаць Беларусь. Цяпер яму ўручылі афіцыйнае пісьмовае запрашэньне ад імя епіскапату, духавенства і ўсіх вернікаў краіны. Арцыбіскуп Станеўскі, зьвяртаючыся да Лева XIV зьвярнуў увагу, што ў 2026 годзе будзе адзначацца 35-годзьдзе аднаўленьня структур каталіцкага касьцёла ў Беларусі, а гэта зьяўляецца важнай датай для мясцовай супольнасьці.
Прымаючы запрашэньне, Леў XIV адзначыў, што каляндар на 2025 год вельмі шчыльны, і на наступны год таксама ўжо заплянаваныя мерапрыемствы, аднак Сьвяты Айцец даў надзею, што запрашэньне будзе ўважліва разгледжана, а адказ будзе перададзены праз Апостальскую нунцыятуру ў Менску. «Мы выйшлі з аўдыенцыі поўныя надзеі», — сказаў арцыбіскуп Станеўскі.
Паводле яго, у часе аўдыенцыі таксама абмеркавалі пытаньні маёмасьці, у тым ліку сытуацыю з Чырвоным касьцёлам у цэнтры Менску і на Кальварыйскіх могілках. Асобна ўзьнялі тэму сьвятароў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні. Паводле арцыбіскупа Станеўскага, гэтая інфармацыя выклікала бачную занепакоенасьць Лева XIV.
На сустрэчы таксама агучылі ініцыятыву аб стварэньні ў Рыме «Беларускага Калегіуму» (Collegium Bielorussicum), каб мець сталую прысутнасьць і стварыць уласны «маленькі куточак Бацькаўшчыны».
Адна з прапаноў заключалася ў тым, каб беларуская Канфэрэнцыя біскупаў узяла пад сваю апеку адну з парафій у Рыме ці яго ваколіцах. Гэта дазволіла б стварыць духоўна-культурны цэнтар, які стаў бы месцам прыцягненьня для беларускіх пілігрымаў, духоўнай апекі для дыяспары, а таксама пляцоўкай для правядзеньня вечароў беларускай літаратуры, музыкі і традыцый.
Паводле арцыбіскупа Станеўскага, гэтая ініцыятыва вельмі зацікавіла папу Лева XIV. Ён паабяцаў, што зоймецца гэтым пытаньнем і перадасьць яго на разгляд свайму вікарыю для Рымскай дыяцэзіі.
Форум