Дэпутаты Эўрапарлямэнту асудзілі «стратэгію генацыду», якую ажыцьцяўляе Расея з дапамогай Беларусі, накіраваную на сьціраньне ўкраінскай ідэнтычнасьці, перадае «Настоящее время».
«Дэпутаты Эўрапарлямэнту рашуча асуджаюць „стратэгію генацыду“, якую праводзіць Расея пры падтрыманьні Беларусі і якая мае на мэце зьнішчыць украінскую ідэнтычнасьць. Прымусовае перасяленьне і дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей, іх незаконнае ўсынаўленьне і ўдачарэньне, забойствы, а таксама прымусовая русыфікацыя і мілітарызацыя павінны быць спынены», — гаворыцца ў прэс-рэлізе на сайце Эўрапарлямэнту.
Эўрадэпутаты адзначаюць, што Расея мусіць паведаміць аб месцы знаходжаньня ўсіх вывезеных украінскіх дзяцей, падаць іх зьвесткі і бясьпечна вярнуць іх на радзіму. Яны заклікаюць даць доступ да ўсіх дэпартаваных украінскіх дзяцей Міжнароднаму камітэту Чырвонага Крыжа, ААН і UNICEF.
Эўрапарлямэнт заклікаў ЭЗ і сяброўскія краіны далучыцца да Міжнароднай кааліцыі за вяртаньне ўкраінскіх дзяцей, а міжнародную супольнасьць — пакараць Расею, узмацніўшы каардынацыю дзеяньняў у тым ліку празь Міжнародны крымінальны суд у Гаазе і Спэцыяльны трыбунал за злачынствы агрэсіі супраць Украіны.
Усякая мірная дамова, як адзначаецца, павінна ўключаць рэпатрыяцыю гэтых дзяцей і прыцягненьне да адказнасьці за іх гвалтоўнае перамяшчэньне.
Паводле ўкраінскіх уладаў, ад пачатку поўнамаштабнай вайны з Украіны ў Расею дэпартавалі 19 546 дзяцей. Гэта толькі тыя выпадкі, якія ўдалося зафіксаваць афіцыйна. Расея, у сваю чаргу, заяўляе пра 700 000 вывезеных дзяцей. За незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Расею Міжнародны крымінальны суд у Гаазе ў 2023 годзе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці Расеі Марыі Львовай-Бяловай.
Агульная колькасьць украінскіх дзяцей, гвалтоўна перамешчаных у Беларусь, ужо перавысіла 3500 чалавек, заявіў намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) Павал Латушка ў трэцюю гадавіну поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі падтрымлівае Маскву.
Зь лістапада 2024 па студзень 2025 году Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне (НАУ) зафіксавала яшчэ прынамсі 7 групаў дзяцей, незаконна перамешчаных з часова акупаваных рэгіёнаў Украіны ў Беларусь. Большасьць — з Данецкай, Луганскай і Херсонскай вобласьцяў Украіны.
Паводле кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, прынамсі 120 дзяцей «сталі ахвярамі незаконнай дэпартацыі і прымусовай індактрынацыі на тэрыторыі Беларусі».
Сабраныя НАУ дакумэнты сьведчаць пра даты і месцы знаходжаньня дзяцей у Беларусі, пра абставіны іх перамяшчэньня і праграму іх знаходжаньня ў Беларусі, а таксама пра крыніцы інфармацыі для пацьвярджэньня зьвестак (фатаздымкі, відэазапісы, дакумэнты).
- Паводле зьвестак Лябараторыі гуманітарных дасьледаваньняў Ейльскай школы грамадзкага здароўя, з пачатку вайны па кастрычнік 2023 году амаль 2,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей вывозілі на тэрыторыю Беларусі. У кастрычніку 2024 году праваабаронцы зафіксавалі ў справаздачы «Скрадзенае дзяцінства» зьвесткі пра 2219 украінскіх дзяцей, прымусова перамешчаных у Беларусь з 2021 году.
- Праваабаронцы вызначылі 18 беларускіх інстытуцыяў, куды з 2021 году рэгулярна вывозілі ўкраінскіх дзяцей ва ўзросьце ад шасьці гадоў.
- Паводле справаздач праваабаронцаў і расьсьледаваньня Свабоды, дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны, якіх прывозяць у Беларусь нібыта на адпачынак, перавыхоўваюць у духу любові да Расеі і мілітарызуюць у інтарэсах расейскай дзяржаўнай палітыкі выкараненьня ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці.
- Датычнымі да выкраданьня ўкраінскіх дзяцей называюць беларускага паралімпійца і праўладнага грамадзкага дзеяча Аляксея Талая, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.
- 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ў вывазе дзяцей.
- Хоць Беларусь не далучылася да Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), але рэжым Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасьці за ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў, калі ёсьць доказы гэтага, заявіў у кастрычніку 2024 году прэс-сакратар Міжнароднага крымінальнага суду Фадзі эль-Абдала.
- ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.
- На канец кастрычніка 2024 году дэпартаванымі або вымушана перамешчанымі, паводле інфармацыі ўкраінскіх уладаў, лічацца 19 546 дзяцей. Больш за 1700 дзяцей лічацца зьніклымі бязь вестак.
Форум