Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці грамадзяніна ЗША, што нелегальна прыехаў у Беларусь, папрасіла адпусьціць сына, які цярпіць ад страты памяці


Антон Рос на відэа, якое апублікавалі на канале «Первый информационный»
Антон Рос на відэа, якое апублікавалі на канале «Первый информационный»

27-гадовага грамадзяніна ЗША Антона Роса затрымалі 31 сакавіка за нелегальнае перасячэньне беларускай мяжы на чыгуначнай станцыі Маладэчна: ён ехаў зь Літвы ў адным з парожніх вагонаў таварнага цягніка.

Беларускія ўлады не адпускаюць грамадзяніна ЗША і Чэхіі Антона Роса, які цярпіць ад страты памяці і якога раней шукала маці.

У сакавіку 2025 году Антон Рос нелегальна прыехаў у Беларусь зь Літвы ў грузавым вагоне цягніка. Меркавана, на яго завялі крымінальную справу, паведаміла рэдакцыі Reform.news маці Антона.

Па словах жанчыны, 2 красавіка яна спрабавала трапіць у Беларусь з боку Літвы, каб забраць сына, але беларускія памежнікі яе не прапусьцілі.

«Я ехала туды 2 красавіка, але мяне вярнулі беларусы на мяжы», — распавяла яна Reform.news.

14 красавіка да затрыманага Антона Роса ня змог трапіць наняты адвакат. У той жа дзень жанчыне стала вядома, што Антона перавялі ў цэнтральны апарат СК.

«Вось абяцалі дэпартаваць хлопца, і СМІ раструбілі. Я чакала-чакала, і мне сказалі, што перавялі сына ў цэнтральны апарат Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь. Гэта значыць захацелі крымінальную [справу] зварганіць, хворага чалавека не адпусьціць, а дамучыць, зламаць. Завошта? Што хацеў у Беларусь. Хаця і нелегальна, палюбіў, хацеў даехаць і пажыць, сказаў жа ў камэру, як палюбіў краіну... І што далей? Хлопец хворы, ёсьць страта памяці, дэзарыентацыя. Нашто ім ён?», — распавяла маці хлопца.

Жанчына падкрэсьлівае, што Антон Рос цярпіць ад страты памяці і мае патрэбу ў лекаваньні.

«Завошта? Было адміністрацыйнае пакараньне і рашэньне аб дэпартацыі, штраф я праплаціла. Чаму не дэпартавалі, каб я магла лячыць сына ў Празе, дзе ён жыве па мэдыцынскай страхоўцы?», — кажа яна.

Яна зьвярнулася з просьбай да беларускіх уладаў:

«Адпусьціце, калі ласка, сына! Дома яму будзе лепей! Бо ўжо пакаралі адміністрацыйна, што яшчэ і крымінальна за адно і тое ж дзеяньне?»

  • Антона Роса затрымалі 31 сакавіка 2025 году на чыгуначнай станцыі Маладэчна: ён ехаў зь Літвы ў адным з парожніх вагонаў таварнага цягніка. Яго абвінавацілі ў незаконным перасячэньні мяжы і прызначылі адміністрацыйнае пакараньне ў выглядзе штрафу. Маці хлопца Ларыса Рос паведаміла рэдакцыі Reform.news, што аплаціла штраф і выдаткі на ўтрыманьне сына ў беларускай установе, аднак дэпартацыя так і не адбылася.
  • На наступны дзень, 1 красавіка, Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі расказаў падрабязнасьці: паводле ведамства, мужчына 24 сакавіка двойчы спрабаваў уехаць на тэрыторыю Беларусі: раніцай праз пункт пропуску Каменны Лог (Меднікі зь літоўскага боку мяжы), а ўвечары таго ж дня — праз памежны пераход Беняконі (Салечнікі). Падчас памежнага кантролю ён ня змог пацьвердзіць наяўнасьць сродкаў для пакрыцьця выдаткаў на яго знаходжаньне ў Беларусі і выезд з краіны, таму яму адмовілі ва ўезьдзе, паведамілі ў Памежным камітэце.
  • У Дзяржаўным мытным камітэце паведамілі, што пасьля прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці за незаконнае перасячэньне мяжы амэрыканца дэпартуюць на тэрыторыю Літвы, удакладнілі ў ведамстве.
  • Пазьней высьветлілася, хлопца з 21 сакавіка 2025 года шукае маці. Антон цярпіць ад страты памяці. Апошні раз яго бачылі ў Цюрыху, тады ён спрабаваў паляцець у Хургаду.
  • Увечары 3 красавіка беларуская прапаганда паказала Антона Роса па дзяржаўнай тэлевізіі. У сюжэце мужчына кажа, што хацеў бы застацца ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG