Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Белавія» заявілі, што аднавілі перамовы з кампаніяй Boeing аб набыцьці новых самалётаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Генэральны дырэктар кампанія «Белавія» Ігар Чаргінец паведаміў, як зьмяняецца дзейнасьць беларускай авіякампаніі пасьля скасаваньня санкцый адміністрацыяй ЗША.

«Санкцыі ЗША зь „Белавія“ зьнялі цалкам, ня зьнялі эўрапейскія санкцыі. Цяпер мы знаходзімся ў стадыі перамоў, у першую чаргу, па расшырэньні флёту авіякампаніі. У наступным годзе ён будзе павялічаны», — працытавала Ігара Чаргінца дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Паводле яго, афіцыйная публікацыя дакумэнтаў аб скасаваньні санкцый ЗША зьяўляецца сыгналам для амэрыканскіх кампаній. «Мы зь імі ўжо сустракаемся. Зь віцэ-прэзыдэнтам Boeing была добрая сустрэча. Абмеркавалі, як мы цяпер разгортваем, аднаўляем нашую супрацу. Гэта нашмат спрашчае абслугоўваньне самалётаў, набыцьцё запасных частак, праграмнага забесьпячэньня. І фінансавыя пытаньні, я маю на ўвазе правядзеньне плацяжоў у далярах, таксама становіцца прасьцей», — дадаў ён.

Генэральны дырэктар кампаніі «Белавія» адзначыў, што скасаваньне ЗША санкцый дазволіла актывізаваць дзейнасьць на рынку авіяцыйных паслуг.

«Учора мы аднавілі палёты ў Алматы, з 8 студзеня аднаўляем палёты ў Ізраіль, у Тэль-Авіў. 8 студзеня адкрываем новы кірунак, далёкамагістральнае Утапаа (Тайлянд), 11 студзеня — Пхукет (Тайлянд). Вясной паляцім у Нячанг (Віетнам), вясной-летам у Туніс, Ярданію», — паведаміў Ігар Чаргінец.

Паводле яго, палётаў у ЗША не было і ня будзе. «Не падпісанае міжурадавае пагадненьне аб паветраных зносінах паміж краінамі. Гэта краевугольны камень, бяз гэтага лятаць немагчыма. Мы спадзяемся, што ў будучыні такое пагадненьне зьявіцца, урады яго адпрацуюць і падпішуць, тады мы зможам пачынаць нейкае плянаваньне», — заявіў Ігар Чаргінец.


11 верасьня намесьнік спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Джон Коўл на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам абвясьціў аб зьняцьці санкцыяў зь «Белавія». Пазьней Бюро прамысловасьці й бясьпекі Міністэрства гандлю ЗША ўдакладніла, што абмежаваньні зьнятыя з васьмі самалётаў «Боінг», якія зараз могуць выконваць міжнародныя рэйсы і праходзіць тэхнічнае абслугоўваньне з выкарыстаньнем амэрыканскіх дэталяў.

У гэты ж дзень пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ўлады Беларусі вызвалілі і вывезьлі з краіны 52 палітычных зьняволеных.

30 верасьня спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША генэрал Кіт Келаг на Варшаўскім форуме бясьпекі патлумачыў, што Злучаныя Штаты зьнялі частку санкцыяў з авіякампаніі «Белавія» найперш з прычыны бясьпекі палётаў, а таксама каб пазбавіць улады Беларусі магчымасьці выкарыстоўваць самалёты для «гнюсных мэтаў».

Захоўвалася забарона на выкарыстаньне паветраных суднаў для перавозкі прадметаў, якія падпадаюць пад дзеяньне правілаў амэрыканскага кіраваньня экспартам (EAR). Да такіх прадметаў адносяцца любыя прадметы, прызначаныя для падтрымкі вайны Расеі супраць Украіны.

Авіяперавозьніку дазволілі абслугоўваньне, рамонт, аднаўленьне і рэстаўрацыю паветраных суднаў, у тым ліку з выкарыстаньнем прадметаў, якія падпадаюць пад экспартны кантроль і былі асобна дазволеныя для экспарту або рээкспарту ў Беларусь або для выкарыстаньня беларускімі паветранымі суднамі.

4 лістапада ЗША часткова зьнялі санкцыі з «Белавія». З-пад санкцый вывелі два самалёты, якія могуць мець дачыненьне да Аляксандра Лукашэнкі, а таксама верталёт кампаніі «Слаўкалій», якім Лукашэнка імаверна таксама карыстаўся.

Зьнятыя санкцыі і з самалёта Bombardier Challenger 850, якім выкарыстоўваюць для службовых пералётаў прадстаўнікі ўраду.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG