«Апошнімі днямі, ужо можна сказаць, нават тыднямі, мы не фіксуем балёнаў і іх адбіткаў, незалежна ад кірунку ветру. Аднак гэта ні ў якім разе не нагода расслабіцца. Мы разумеем, што маем справу з аўтарытарнай і цяжка прагназаванай дзяржавай, таму захоўваем пільнасьць, а службы працягваюць інтэнсіўную работу», — працытавала Ігнаса Дабраволскаса агенцтва BNS.
Прадстаўнік прэм’еркі падзякаваў адміністрацыі ЗША і спэцыяльнаму пасланьніку Джону Коўлу за іхныя намаганьні для ўрэгуляваньня гэтай сытуацыі.
Ігнас Дабраволскас таксама дадаў, што робяцца ўсе намаганьні, каб хутчэй вярнуць фуры літоўскіх перавозьнікаў, якія трымаюць у Беларусі ў якасьці закладнікаў.
«Мы спадзяемся і робім усе намаганьні, каб жыхары краіны маглі сустрэць найвялікшыя сьвяты году ў бясьпецы і вольна ехаць туды, куды хочуць. Для гэтага працуюць нашыя службы, для гэтага мы зьвяртаемся і да згаданых дыпляматычных намаганьняў», — сказаў ён.
Прадстаўнік Узброеных сіл Літвы Гінтаўтас Цюніс дадаў, што армія працягвае дапамагаць паліцыі.
«Мова ідзе аб вайскоўцах Сухаземных войскаў, Вайскова-паветраных сілаў і Вайсковай паліцыі, якія супольна з супрацоўнікамі паліцыі патрулююць і выконваюць іншыя задачы. [...] Групы выкананьня задачаў складаюцца ня толькі з вайскоўцаў, якія знаходзяцца непасрэдна „на зямлі“, але і зь дзяжурных сілаў, гатовых пры патрэбе ўзмацніць падразьдзелы», — паведаміў ён.
«Усе задачы выконваюцца безь перапынку, удзень і ўначы, і, вядома ж, будуць працягвацца, незалежна ад сьвятаў ці іншых абставінаў», — падкрэсьліў прадстаўнік літоўскага войска.
На мінулым тыдні ўрад Літвы ўвёў рэжым экстрэмальнай сытуацыі праз кантрабандныя балёны, якія запускалі зь Беларусі і стваралі пагрозу для цывільнай авіяцыі.
Праз прылёты балёнаў зь Беларусі некалькі разоў спынялі дзейнасьць аэрапорт Вільні і аднойчы — Коўна.
Літоўскія палітыкі называюць запуск такіх балёнаў гібрыднай атакай Менску.
Форум