Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 красавіка беларусы ў розных краінах праводзяць Чарнобыльскі шлях. Дзе будуць акцыі?


Чарнобыльскі шлях 26 красавіка 2023 году ў Вільні
Чарнобыльскі шлях 26 красавіка 2023 году ў Вільні

Беларусы замежжа анансавалі шэраг акцыяў да гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У Беларусі 26 красавіка 2025 году ўлады абвясьцілі працоўны дзень у сувязі зь пераносам выходнага дня на панядзелак перад Радаўніцай.

Да 39-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі беларускія дэмакратычныя партыі, актывісты незалежных грамадзкіх арганізацыяў, прадстаўнікі дыяспары ладзяць традыцыйную акцыю — Чарнобыльскі шлях.

Беларусы Польшчы, Літвы і Злучаных Штатаў анансавалі акцыі да гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Тэлеграм-канал «Беларусы замежжа» зьбірае інфармацыю пра акцыі ў розных краінах.

Літва

Вільня

  • 26 красавіка, 12.00 — ускладаньне кветак да помніка «Маці Чарнобылю» ў парку Сапегаў, з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў амбасадаў і дыпляматычных місіяў.
  • 27 красавіка, 12.00 — мітынг на пляцы Вінцаса Кудзіркі.
  • 27 красавіка, 13.00 — антыядзерны роварны прабег 5 км ад пляцу Вінцаса Кудзіркі.


Польшча

Варшава

26 красавіка, 13:00 — каля Нацыянальнага музэю тэхналёгіі ў Варшаве пачнецца мітынг-рэквіем «Чарнобыльскі шлях».

Беласток

26 красавіка, 17:30 — Чарнобыльскі мітынг каля кансуляту Беларусі ў Беластоку.

Уроцлаў

26 красавіка, 15:00 — Чарнобыльскі мітынг у раёне Рынку.

Гданьск

27 красавіка, 13:00 — мітынг у гадавіну катастрофы на ЧАЭС, Długi Targ 13, дэталі пад спасылкай https://www.instagram.com/gdansk.23.34?igsh=a3U0MzI2OG00a29p

Шчэцін

27 красавіка, 16:00 — акцыя ў гадавіну Чарнобыльскай катастрофы, Zegar Słoneczny, Aleja Kwiatowa.

ЗША

Нью-Ёрк

26 красавіка, 13:00 — Чарнобыльскі мітынг каля будынку штаб-кватэры ААН на Мангэтане, 1st Avenue at East 43rd Street, New York.

Сьпіс будзе дапаўняцца.

Да гадавіны катастрофы на ЧАЭС беларуская экалягічная ініцыятыва «Экадом» арганізуе «Чарнобыльскі тыдзень»: прапануе паглядзець тэматычныя фільмы, прайсьці экалягічную майстар-клясу, паслухаць размовы пра ядзерную бясьпеку, пачытаць кнігі пра Чарнобыль і інш.

У суботу, 26 красавіка 1986 году, у 1:23:47 на 4-м энэргаблёку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ва Ўкраінскай ССР адбыўся выбух, які цалкам разбурыў атамны рэактар. Як мяркуюць экспэрты, выбух выкінуў у атмасфэру 97% радыяактыўнага паліва, якое на той час было ў рэактары.

Выбух на Чарнобыльскай АЭС расцэньваецца як найбуйнейшая аварыя за ўсю гісторыю атамнай энэргетыкі паводле як колькасьці загінулых і пацярпелых ад яе наступстваў людзей, так і нанесенай ёю эканамічнай шкоды.

Праз 39 гадоў пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у афіцыйна прызнаных на гэты момант зонах радыяактыўнага забруджаньня ў Беларусі знаходзіцца 1859 паселішчаў, у якіх жывуць 930 тысяч чалавек, у тым ліку 181 тысяча дзяцей.

За 39 гадоў пасьля аварыі ў Беларусі распалася 60% ад усяго цэзію-137, які выпаў, і каля 62% стронцыю-90, паведаміла 22 красавіка намесьніца начальніка ўпраўленьня абыходжаньня з радыяактыўнымі адыходамі і аб’ектамі ядзернай спадчыны Дзяржатамнагляду Беларусі Кацярына Шмялёва.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG