Як паведамляе партал Delfi.lv, у дадатку да закону тлумачыцца, што за 20 гадоў з моманту далучэньня Латвіі да канвэнцыі «істотна зьмянілася» рэгіянальная сытуацыя ў сфэры бясьпекі, а Расея, пачаўшы вайну супраць Украіны, відавочна прадэманстравала, што не паважае тэрытарыяльныя межы сувэрэнных дзяржаваў і міжнароднае права, у тым ліку прынцыпы, выкладзеныя ў Статуце ААН.
«З улікам дынамікі разьвіцьця сытуацыі з рэгіянальнай бясьпекай для Латвіі важна не абмяжоўваць гнуткасьці сваіх дзеяньняў і мець магчымасьць ўжываць розныя сыстэмы ўзбраеньня і рашэньні для ўзмацненьня стрымліваньня і забесьпячэньня абароны дзяржавы і яе насельніцтва. Паводле ацэнкі Латвіі, некіраваныя супрацьпяхотныя міны ў спалучэньні зь іншымі мінамі і сыстэмамі ўзбраеньня ўзмацняюць абараназдольнасьць, якую немагчыма замяніць альтэрнатыўнымі рашэньнямі», — падкрэсьліваецца ў тлумачэньні.
Разам з тым зазначана, што Латвія па-ранейшаму абавязваецца зьвесьці да мінімуму ўплыў ваенных апэрацыяў на мірнае насельніцтва і працягне выконваць нормы міжнароднага гуманітарнага права, у тым ліку абарону жыцьця і маёмасьці цывільных падчас узброеных канфліктаў, а таксама «прыкладаючы намаганьні для зьняшкоджваньня неразарваных боепрыпасаў і для дапамогі ахвярам узброеных канфліктаў як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні».
16 красавіка парлямэнт Латвіі ў канчатковым чытаньні прыняў закон аб выхадзе краіны з Атаўскай канвэнцыі. Плянуецца, што МЗС Латвіі будзе каардынаваць падачу дакумэнтаў аб выхадзе з канвэнцыі разам з замежнапалітычнымі ведамствамі Эстоніі і Літвы. Дакумэнты накіруюць дзяржавам — удзельніцам канвэнцыі, генэральнаму сакратару ААН і Радзе бясьпекі ААН.
Атаўская канвэнцыя прынятая 18 верасьня 1997 году і набыла моц у 1999 годзе. Удзельнікі канвэнцыі абавязваюцца ніколі і ні пры якіх абставінах не выкарыстоўваць супрацьпяхотныя міны, а таксама не распрацоўваць, не вырабляць, не набываць, не захоўваць і не перадаваць іх нікому — ні проста, ні ўскосна. Да канвэнцыі далучыліся больш за 160 краін сьвету, у тым ліку большасьць заходніх дзяржаваў. Беларусь далучылася да яе ў верасьні 2003 году. Сярод краін, якія не далучыліся, — Кітай, Расея, ЗША, Індыя і Пакістан.
Раней Міністэрства абароны Літвы заявіла аб плянах выйсьці з Атаўскай канвэнцыі аб забароне супрацьпяхотных мінаў і анансавала маштабны закуп боепрыпасаў, у тым ліку 85 тысяч супрацьпяхотных мінаў на 50 млн эўра.
18 сакавіка Літва, Польшча і Латвія выступілі з адзінай пазыцыяй аб неабходнасьці дэнансаваць канвэнцыю, матывуючы гэта неабходнасьцю мацаваць абарону пры пагрозах з боку Расеі. Фінляндыя таксама можа далучыцца да гэтага рашэньня найбліжэйшымі тыднямі.
Літва плянуе давесьці абаронны бюджэт да 4 працэнтаў ВУП ужо ў 2025 годзе і нарошчвае баявыя магчымасьці. Асабліва зважаюць на стварэньне рэзэрвовых падразьдзелаў, прысьпешанае навучаньне вайскоўцаў і пашырэньне навучальных палігонаў, у тым ліку за межамі Літвы — у Польшчы, Фінляндыі і Нямеччыне.
А што ў Беларусі
Беларусь далучылася да Атаўскай канвэнцыі ў 2003 годзе. У сьнежні 2010 году Беларусь падпісала кантракт з гішпанскай фірмай на зьнішчэньне сваіх мінных запасаў цягам 28 месяцаў.
У 2017 годзе Беларусь канчаткова пазбавілася міннага арсэналу, такім чынам выканаўшы абавязаньні ў рамках Атаўскай канвэнцыі аб забароне супрацьпяхотных мінаў, заяўляў намесьнік начальніка ўпраўленьня міжнароднай бясьпекі і кантролю над узбраеньнямі МЗС Беларусі Мікалай Аўсянка.
22 сакавіка міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў, камэнтуючы заяву Польшчы і краінаў Балтыі аб плянах выхаду з дамовы аб супрацьпяхотных мінах, адзначыў, што Менску «ня трэба ісьці ў такія ж мілітарызаваныя падыходы».
«Мы ў гэтай гонцы ўзбраеньняў не атрымаем посьпеху, але некаторыя формы супрацы з нашымі бліжэйшымі партнэрамі, саюзьнікамі — з Расеяй — у ядзерным стрымліваньні, стрымліваньні балістычнай зброяй мы робім. Гэта значна таньней і больш эфэктыўна», — заявіў кіраўнік МЗС Беларусі.
Расея не падпісвала Атаўскую канвэнцыю.