Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цела ўкраінскай журналісткі Вікторыі Рошчынай, якая памерла ў расейскім палоне, вярнулі ва Ўкраіну


Вікторыя Рошчына, архіўнае фота
Вікторыя Рошчына, архіўнае фота

Расея не выдавала цела сем месяцаў.

Цела ўкраінскай журналісткі Вікторыі Рошчынай, якая памерла ў расейскім палоне, вярнулі ва Ўкраіну, паведаміў у інтэрвію «Цензор.НЕТ» намесьнік міністра ўнутраных справаў Украіны Леанід Цімчанка.

«Яе цела вярнулі ў межах нядаўняй рэпатрыяцыі ў канцы лютага сёлета. З дапамогай ДНК-экспэртызы ідэнтыфікавалі яе асобу», — сказаў ён.

10 кастрычніка 2024 году прадстаўнік Каардынацыйнага штабу ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі ва Ўкраіне Пятро Яцэнка паведаміў, што ўкраінская журналістка Вікторыя Рошчына, якая зьнікла бязь вестак падчас паездкі на акупаваныя тэрыторыі і была зьняволеная на тэрыторыі Расеі, памерла ў расейскім палоне.

Расейцы ўпершыню затрымалі Рошчыну ў Бярдзянску ў сакавіку 2022 году, калі яна рабіла рэпартажы для мэдыя (у тым ліку для Ўкраінскай службы Радыё Свабода) пра жыцьцё на часова захопленых тэрыторыях. Тады журналістку адпусьцілі, прымусіўшы ў відэазапісе сказаць, што прэтэнзіяў да расейскіх вайскоўцаў у яе няма. Рошчына вярнулася на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю, але ў ліпені 2023 году зноў паехала на акупаваныя Расеяй землі.

Вікторыя Рошчына перастала выходзіць на сувязь з роднымі 3 жніўня 2023 году. З словаў яе бацькі, 27 ліпеня Рошчына накіравалася з Украіны ў Польшчу і мела дабрацца да акупаваных тэрыторыяў на ўсходзе Ўкраіны (праз Расею) за тры дні.

Тады Ўладзімір Рошчын расказаў, што ўкраінская служба бясьпекі пацьвердзіла сям’і, што Вікторыю ўзялі ў палон расейскія сілы.

Вікторыя Рошчына была аўтаркай сэрыі рэпартажаў для ўкраінскай службы Радыё Свабода, супрацоўнічала ў 2022 годзе з Радыё Свабода як фрылансэр. Яна таксама супрацоўнічала з выданьнямі «Українська правда», hromadske, «Українське радіо», «UA:Перший» і «Цензор.нет».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG